Пошук

Каляндар

 

Урад Беларусі плануе адкрыць пасольства пры Святым Пасадзе  


Урад Беларусі плануе адкрыць пасольства пры Святым ПасадзеПаводле пастановы Савета Міністраў ад 20 снежня 2024 года, да 1 верасня 2025 года Беларусь адкрые сваё пасольства пры Святым Пасадзе.

 

Пастанова Савета Міністраў № 988 прадугледжвае стварэнне першага ў гісторыі пасольства Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе. Мінфін будзе фінансаваць выдаткі на адкрыццё і ўтрыманне пасольства са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных для МЗС на ўтрыманне дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой.

 

Варта адзначыць, што Апостальская нунцыятура як пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасада ў Беларусі існуе з 1992 года. Аднак да гэтага часу Беларусь не мела свайго пасольства ў Ватыкане. Беларускія інтарэсы прадстаўлялі дыпламаты, прызначаныя пасламі ў іншыя еўрапейскія краіны і па сумяшчальніцтве пры Святым Пасадзе. Апошнім, больш за 20 гадоў, быў Сяргей Алейнік.

 

З адкрыццём пасольства дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі выходзяць на новы ўзровень, што адкрывае дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


27.12.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier