Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
Зямное ці нябеснае?
У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа. У сёньняшнім Евангельлі Хрыстос прапануе нам паглядзець на нашае духоўнае жыцьцё, а дакладней – на нашыя адносіны з Богам. Што ёсьць важнейшым у нашай ярархіі каштоўнасьцяў – зямное ці нябеснае? Ужо ў Старым Запавеце Валадарства Божае мае вобраз банкету (Іс 25.6). Таму для кніжніка “блаславёны той, хто будзе есьці хлеб” на такой Вячэры. Уся Традыцыя Царквы кажа пра Тайную Вячэру, а сьледам за ёй – пра кожную Боскую Літургію, як пра пачатак гэтага месіянскага Банкету ўжо тут і цяпер на зямлі. Пакліканыя з прыповесьці ведаюць пра тое, што для іх рыхтуецца банкет. Але калі канкрэтна наступае час радаснай вячэры, да якой іх запрашае блізкі сябар, яны адмаўляюцца. Ці гэта не мы, калі ведаем пра штонядзельную Вячэру Хрыстовую ў сваёй парафіяльнай царкве, а ў гэтую бліжэйшую нядзелю знаходзім прычыну, якая нібыта нам перашкаджае “адкласьці ўсе жыцьцёвыя клопаты”? Гаспадар у прыповесьці кліча на сваю вячэру тых, каго лічылі недастойнымі – жабракоў, калекаў, валацугаў. Мы шмат разважаем у сваіх парафіях – гэты чалавек неадукаваны, той – некаталіцкі, ці – не беларус, а можа (самае страшнае!) – недухоўны. І пры гэтым самі прыдумваем безьліч прычынаў (чым мудрагелісьцей – тым шляхетней) ня ўдзельнічаць ў Еўхарыстыі, жывучы сваім асабістым жыцьцём “у поўні”. А ў Валадарства ўваходзяць не разумныя, але ціхія і лагодныя духам, якія адгукнуліся на запрашэньне Ўладара. Для нас важнейшым за Божае Валадарства становіцца зямля (нашыя лецішчы ёсьць проста карыкатурай на гэты вобраз адзінай крыніцы зямнога існаваньня для сялянаў-ізраільцянаў таго часу); ці валы, неабходныя для добрай працы (сёньняшняе шматслоўе пра неабходнасьць “творчай рэалізацыі”); ці зямное каханьне з яго пяшчотай і ўтульнасьцю (сучасны лозунг пра “першаснасьць каханьня”). Гэта ўсё блізка і канкрэтна, ад гэтага залежыць камфортнасьць майго жыцьця. А Госпад дзесьці далёка, як-небудзь потым… І так мы пражываем сваё жыцьцё, нічога не зразумеўшы, нічаму не навучыўшыся. Затыкаем вушы, каб не чуць запрашэньня да вечнай Радасьці і Любові. І зьдзіўляемся – чаму мы такія нешчасьлівыя (і чаму мне не шанцуе?). Можа таму, што самі не захацелі быць выбранымі? Аўтар - Айцец Васіль Ягораў. |
|
22.11.2008
|






Сёньняшняе чытаньне:
