Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Казаньні і гаміліі СВЯТА ЎЗВЫШЭННЯ ЖЫВАТВОРЧАГА КРЫЖА  


1.Сёння мы адзначаем урачыстасць святога Крыжа, які рассеяў цемру і вярнуў святло. Адзначаем урачыстасць крыжа і разам з Укрыжаваным узносімся ўгару, каб, пакінуўшы зямлю і грахі, мы атрымалі нябесныя даброты. Вось якой цудоўнай і непараўнальнай рэччу з’яўляецца валоданне крыжом. Хто мае крыж, той мае скарб. Я слушна назваў скарбам тое, што з назвы і на самай справе з’яўляецца найцудоўнейшым з усіх дабротаў. Бо праз яго, дзякуючы яму і ў ім адкрываецца сутнасць нашага збаўлення і вяртанне да першаснага стану.

 

2.Калі б не было крыжа, Хрыстос не быў бы ўкрыжаваны. Калі б не было крыжа, Жыццё не было б прыбіта цвікамі да дрэва. Калі б не было прыбітае цвікамі, з боку не выцекла б кроў і вада дзеля ачышчэння свету, не быў бы знішчаны запіс грахоў і мы б не атрымалі свабоду, не радаваліся б дрэву жыцця, а рай бы не адкрыўся. Калі б не было крыжа, не была б пераможана смерць, пекла не страціла б сваёй моцы.

Таму вялікай і каштоўнай рэччу з’яўляецца крыж. Вялікай, бо праз яго мы атрымалі шмат дабротаў, настолькі шмат, наколькі большасць з іх з’яўляецца плёнам цудаў і цярпенняў Хрыста. Каштоўнай, бо крыж з’яўляецца знакам мукі і трыумфу Бога: знакам мукі з прычыны дабравольнай смерці ў пакутах; знакам трыумфу, бо дзякуючы яму быў паранены сатана, а разам з ім была пераможана смерць; бо былі разбураны брамы пекла, а крыж стаў для ўсяго свету паўсюдным знакам збаўлення.

 

3. Крыж з’яўляецца хвалою і ўзвышэннем Хрыста. Гэта каштоўны келіх, які збірае ўсе цярпенні, якія выцерпеў за нас Хрыстос. Аб тым, што крыж з’яўляецца хвалою Хрыста, даведайся з Яго словаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім, і хутка ўславіць Яго» (Ян 13:31-32).

І зноў жа: «Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету» (Ян 12, 28). І яшчэ: «“Ойча, услаў імя сваё!” І пачуўся з неба голас: “Уславіў і ўслаўлю зноў!”» (Ян 12, 28). Гэтыя словы ўказвалі на славу, якую Ён павінен быў атрымаць на крыжы.

Аб тым, што крыж з’яўляецца таксама ўзвышэннем Хрыста, паслухай, што Ён сам кажа: «Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32). Таму бачыш: крыж з’яўляецца хвалою і ўзвышэннем Хрыста.


Аўтар - св. Андрэй Крыцкі

14.09.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier