Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
НЯДЗЕЛЯ РАССЛАБЛЕНАГА
Расслабленае сэрца (Ян 5, 1-15; Дз 9, 32-42) Хрыстос уваскрос! Дарагія браты, дарагія сёстры! 1. Вельмі добра ведаем толькі што пачуты ўрывак Евангельля. Можам уявіць сабе няшчаснага хворага, які трыццаць восемь гадоў быў расслаблены. Як выглядаў ягоны звычайны дзень? Якія думкі і пачуцьці ён меў, калі прачынаўся і калі засынаў?.. Ці атрымлівалася ў яго паесьці досыта, прынамсі раз у дзень. Ці быў хтосьці, хто дапамагаў яму хаця б час ад часу? І ўвогуле, на што спадзяваўся той, хто ўжо столькі год ляжаў каля аздараўляльнай купальні без шансу адужаць? 2. І вось прыходзіць да яго Ісус. І задае яму пытаньне. Каму-небудзь магло б падацца – недарэчнае: “Ці хочаш быць здаровым?” – “Хто ж не хоча быць здаровым!?” – маглі б адказаць мы. Але гэта пытаньне не бязглуздае. Пра гэта сьведчыць хаця б тое, што расслаблены не разумее, або не чуе яго. Ён пачынае распавядаць аб тым, што не мае чалавека, які б мог кінуць яго у купальню калі ўзварухнецца вада! Такі адказ хворага гаворыць нам аб тым, што ён ужо сам не ведае, ці хоча быць здаровым. Пытаньне Ісуса выкрывае нам праўду: расслаблены не гатовы быць аздароўленым. (Магчыма хтосьці думае, што я стаўлю занадта суровы дыягназ таму, хто трыццаць восемь гадоў ляжыць без руху, але гэты дыягназ праўдзівы). Расслаблены прызвычаіўся быць расслабленым. Часамі быць хворым дастаткова зручна, а нават і камфортна. Часамі ў сваёй хваробе можна бачыць сэнс жыцьця... Тады навошта штосьці мяняць? Навошта ісьці насустрач невядомым праблемам, які напэўна ўзнікнуць, калі цела будзе здаровае?.. 3. Ісус аздараўляе расслабленага наступнымі словамі: “Падыміся, вазьмі ляжак свой і хадзі” (Ян 5, 8). Цалкам зразумелым ёсьць загад Ісуса: “падыміся”, але дзеля чаго Ён дадае: “Вазьмі ляжак свой і хадзі”?! Ці ж не зразумела, што калі ўжо ён падняўся, то і будзе хадзіць, і браць усё, што яму трэба і калі трэба, і г. д.? Дарагія браты і сёстры! Ісус нездарма дадае словы пра ляжак. Калі першы загад – “Падыміся” – аздаравіў цела хворага, то словы пра ляжак павінны былі аздаравіць яго душу, яго сэрца. Аздаравіць сэрца – гэта значыць навярнуцца, зьмяніць мысленьне . Калі Ісус загадвае расслабленаму несьці ляжак, то ён сьвядома ставіць яго ў канфліктную сітуацыю, якая працягвае працэс аздараўленьня. У гэтай пагранічнай сітуацыі былы хворы апынаецца перад неабходнасьцю зрабіць выбар: прызнаць рацыю Ісуса або Юдэяў. Але ён не бачыць (або не хоча бачыць) у Ісусе Стварыцеля і Заканадаўцу Сьвету, ён аддае перавагу тым, якія не бачаць нават яго аздараўленьня! Больш таго, калі Ісус недвухзначна зьвяртае ўвагу аздароўленага на яго сэрца (“Вось, ты паздаравеў; ужо болей не грашы, каб не здарылася табе што горшае” (Я 5, 14)), ён толькі азлабляецца гэтым веданьнем, што Ісус мае пра яго. Ён чарговы раз робіць выбар і здраджвае Лекара душ і целаў – ідзе і паведамляе пра Яго Юдэям. 4. Гэта гісторыя сумная, але адначасова вельмі праўдзівая. У жыцьці нашым вельмі часта адбываецца менавіта паводле вышэй апісанай схемы. Мы хворыя. Але ці мы хочам прыняць аздараўленьне? Быць можа мы хацелі б мець здаровае цела, а як наконт здаровага “сэрца”? І дзе знаходзіцца той ляжак, за якім трэба вярнуцца і хадзіць, хадзіць, хадзіць?.. Аўтар - а. Андрэй Буйніч |
|
23.05.2008
|






Сёньняшняе чытаньне:
