У панядзелак, 8 красавіка 2024 г., Папа Францішак прызначыў айца Петка Валава біскупам епархіі «Св. Яна XXIII» для католікаў візантыйскага абраду ў Балгарыі.
Уладыка-элект Петка Валаў нарадзіўся 8 студзеня 1966 года ў Сафіі. Духоўную фармацыю праходзіў у Грэцкай калегіі ў Рыме, курсы тэалогіі слухаў у Папскім Грыгарыянскім універсітэце і ў Папскай Альфонсіянскай акадэміі, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята маральнай тэалогіі.
Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 11 кастрычніка 1997 г. для епархіі "Св. Ян XXIII". З 1999 г. быў пробашчам парафіі «Успення Багародзіцы» ў м. Нова-Дэлчава, з 2009 канцлер епархіі, з 2020 г. сакратар Балгарскай між-абрадовай канферэнцыі біскупаў.
"На многия леты!"
Айцец Петка Валаў атрымае хіратанію (пасвячоны ў сан біскупа) у бліжэйшыя тры месяцы, пасля чаго возьме на сябе кіраванне епархіяй; Да таго часу цяперашні біскуп Хрысто Пройкаў будзе кіраваць епархіяй як Апостальскі адміністратар "sede vacante".
***
Прызначэнне новага біскупа для католікаў візантыйскага абраду ў Балгарыі 8 красавіка 2024 г. адбылося праз 163 гады пасля таго, як Балгарская Каталіцкая Царква візантыйска-славянскага абраду атрымала кананічную структуру, калі Папа Пій IX прыняў просьбу балгарскіх вернікаў і 2 красавіка 1861 г. ён сам рукапалажыў для іх архімандрыта Іосіфа Сакольскага на архіепіскапа.
14 красавіка 1861 г. балгарская дэлегацыя вярнулася ў Канстанцінопаль, дзе 23 красавіка, на Вялікдзень, архібіскуп Іосіф Сакольскі адслужыў урачыстую Літургію. 1 чэрвеня 1861 г. султан Абдул Меджыд выдаў берэт, якім Іосіф Сакольскі быў прызнаны духоўным кіраўніком «балгар, якія аб'ядналіся з Рымам». А ўжо 6 чэрвеня 1861 г. расійскія дыпламаты выкралі ўладыку Іосіфа Сакольскага і пасадзілі ў палон у Пячорскай лаўры ў Кіеве.