9 лістапада 2008 г. ў грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку прайшло сьвята Апякуна Парафіі сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага. Паводле візантыйскай традыцыі сьвята пачалося ў суботу вечарам урачыстай Вячэрняй, якую служыў настаяцель парафіі а. Аляксандр Шаўцоў. Сьпяваў на гэтай службе – вельмі прыгожа і духоўна - міжпарафіяльны хор “Прасфара” з Менску.
У нядзелю раніцай была адслужаная Ютрань, на якой шмат разоў прагучала малітоўнае ўшанаваньне сьвятамучаніка Язафата
“Радуйся, непахісны стоўпе еднасьці!” Боскую Літургію ў нядзелю ўзначаліў Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек), у саслужэньні Протапрэзьбітара Ўсходняга Дэканату БГКЦ а. Зьміцера Грышана і а. Аляксандра Шаўцова. На Літургіі сьпяваў хор полацкай парафіі, які з гэтай нагоды падрыхтаваў некалькі новых напеваў літургічных сьпеваў.
Акрамя парафіянаў на сьвята прыехалі пілігрымы з Віцебска і Менску.
Паколькі ў гэтым годзе спаўняецца 15 год, як грэка-каталіцкая грамада г. Полацку пачала ўрачыста адзначаць сьвята свайго Апякуна, пасьля Боскай Літургіі адбыўся прагляд кароткага дакументальна-мастацкага фільма пра сьв. Язафата, зьнятага ў Беларусі. Вернікі мелі таксама магчымасьць удзельнічаць у прэзэнтацыі кніжкі сябра Полацкай парафіі – сп. Міхася Баўтовіча
“Эпісталяцыя сьвятога Язафата”, якая разпавядае пра фальшаваньне у мінулым перапіскі Архібіскупа Полацкага з канцлерам ВКЛ Львом Сапегам і пра спробы ачарніць Полацкага Архібіскупа.
Сьвята завяршылася “Агапай” - супольным абедам усіх удзельнікаў.