Пошук

Каляндар

 

"БУДЗЬЦЕ МУЖНЫМІ! АДВАГІ!"  


"БУДЗЬЦЕ МУЖНЫМІ! АДВАГІ!"19 гадоў таму, 2 красавіка 2005 года, ва ўзросце 84-х гадоў адышоў у дом Нябеснага Айца Папа Ян Павел ІІ.

 

Кракаўскі арцыбіскуп кардынал Караль Юзаф Вайтыла быў абраны на пасад святога Пятра 16 кастрычніка 1978 года, стаўшы першым у гісторыі Касцёла Папам польскага паходжання. 13 мая 1981 года на яго быў здзейснены замах, у выніку якога Святы Айцец быў цяжка паранены.

 

Пасля яго смерці ў 2005 годзе на пахаванні, якое праходзіла 8 красавіка ў Рыме, многія трымалі ў руках транспаранты з надпісам на італьянскай мове Santo subito — «Ужо святы».

 

Беатыфікацыя Яна Паўла ІІ адбылася 1 мая 2011 года, а 27 красавіка 2014 года ён быў урачыста абвешчаны святым, што стала самай хуткай кананізацыяй у сучаснай гісторыі Каталіцкай Царквы.

 

У тым жа 2014 годзе традыцыйная Грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск - Полацк праходзіла пад дэвізам "Будзьце мужнымі! Адвагі!” - гэта словы, якія святы Папа Ян Павел ІІ накіраваў 7студзеня 2005 г. да беларускіх грэка-католікаў.

 

***

 

МАЛІТВА АБ АТРЫМАНЬНІ ЛАСКАЎ БОЖЫХ ПРАЗ ЗАСТУПНІЦТВА СЬВЯТОГА ПАПЫ ЯНА ПАЎЛА II


О Найсьвяцейшы Трыадзіны Божа, дзякуем Табе, за тое, што дараваў Царкве Папу Яна Паўла ІІ, у якім зазьзяла Твая айцоўская дабрыня, слава Крыжа Гасподняга і хараство Духа любові.

Ён, цалкам давяраючы Тваёй бясконцай міласэрнасьці і матчынаму заступніцтву Прачыстай Дзевы Марыі, даў нам жывы прыклад Ісуса Добрага Пастыра.
Ён паказаў сьвятасць як узор штодзённага хрысьціянскага жыцьця, як шлях для дасягненьня вечнай еднасьці з Табою, Божа.

Дай нам Госпадзе, праз Яго заступніцтва, згодна з Тваёю воляю, тую ласку, аб якой просім з вераю ды надзеяй.
Амін.

 


3.04.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier