Пошук
Нядзельнае казаньне
нядзеля
КРАСАВІКА |
Нядзеля Расслабленага |
Казаньні і гаміліі
НЯДЗЕЛЯ МІРАНОСІЦАЎ
Дарагія браты і сёстры!
Пасха Хрыстовая ёсьць галоўнай падзеяй, перажываньне якой напаўняе нашыя сэрцы ў гэтыя часы Пяцідзясятніцы. Мы яшчэ і яшчэ раз згадваем перамогу Госпада над сьмерцю, вітаем адзін аднаго словамі “Хрыстос Уваскрос”. Сапраўды, уваскрасеньне Госпада нашага было падзеяй незвычайнай і ўнікальнай… Я сказаў было…? Вось тут і пачынаецца тое стаўленьне да гэтай падзеі, пра якое я хацеў бы сёньня пагаварыць. Сапраўды, мы згадваем уваскрасеньне Хрыста штогод, на Вялікдзень. А Царква ў сваіх літургічных службах прапануе гэта рабіць яшчэ часьцей – штонядзелі. Але ці можа гэтая падзея абмяжоўвацца толькі гэтымі днямі? Тое, што перакуліла Сусьвет (з галавы на ногі)! Зламала векавечную “медзяную браму” пекла, пазбавіла сьмерць улады! І ўсё гэта ўсяго толькі “калісьці было”?! Усё гэта ўжо больш нікому нічога не гаворыць, апрача як раз на год у традыцыйным прывітаньні і патройным пацалунку? Не веру! Бо вось што нам апавядаецца ў сёньняшнім евангельскім урыўку, у якім расказваецца пра тое, як уваскрослы Ісус, прыйшоўшы да апосталаў, што былі пры стале, сказаў: “Ідзіце на ўвесь сьвет і нясіце добрую вестку ўсяму стварэньню. Хто паверыць і прыйме хрост, будзе збаўлены. Хто ж не паверыць, будзе асуджаны” Гэтая місія ляжыць і на нас. Мы, хрысьціяне, духоўна народжаныя ў магіле Хрыстовай. Гэта значыць нас усіх ахінае слава гэтай перамогі над сьмерцю. І гэта значыць што мы ўвесь час прычасныя гэтай перамозе і ўсьцяж мусім уваскрасаць з Хрыстом. Духоўна перамагаць грэх, сьмерць духоўную, роспач, зьнявераньне, эгаізм, нават пад маскай духоўнасьці, ляноту і расслабленасьць, страх і недавер да Бога. “А тых, хто павераць, будуць суправаджаць такія знакі: у імя Маё будуць яны выганяць дэманаў, на новых мовах гаварыць будуць, зьмеяў будуць падымаць, ды хоць бы што атрутнае выпілі, не пашкодзіць ім, на хворых рукі ўскладаць будуць, і яны аздараўляцца будуць”. Ці ж не таму не стае нам гэтых знакаў, ці зьняверыліся іх пабачыць, што мала ў нас веры. Веры не інтэлектуальнай, не сардэчнай, не традыцыйнай, але жывой. Веры ва ўваскрасеньне нашае, якое асягнем у Хрысьце. І якое пачынаецца ўжо цяпер. Ад моманту нашага хросту, наверненьня. Няхай Хрыстос, які ўсю ўсяленную прасьвятліў сьвятлом свайго ўваскрасеньня, прасьветліць і нашыя душы, каб мы маглі радасна ўсклікаць у глыбіні нашага сэрца “Хрыстос уваскрос!” і напаўняць ў кожную хвіліну нашага жыцьця сэнсам гэтых радасных словаў. Аўтар - а. Яўген Усошын |
15.04.2018
|