Пошук
Нядзельнае казаньне
|
серада
ЛІСТАПАДА |
сьвятога Яна Міласьцівага, патрыярха Александрыйскага; вялебнага Ніла |
ЗАВЯРШЭННЕ шляху да Божага Нараджэння з АКАФІСТАМ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ БАГАРОДЗІЦЫ
ДЗЕНЬ X (23 снежня) - Ікас 10
Багародзіца Дзева, Ты — абаронная сьцяна для дзеваў і ўсіх, хто прыбягае да Цябе. Творца неба і зямлі ўпрыгожыў Цябе, пасяліўшыся ва ўлоньні Тваім, Усячыстая, і навучыўшы нас клікаць: Радуйся, Стоўп дзявоцтва! Радуйся, Брама збаўленьня! Радуйся, Пачатак духоўнага адраджэньня! Радуйся, Крыніца Божай міласэрнасьці!
Радуйся, бо Ты абнавіла народжаных у граху! Радуйся, бо Ты неразумных да розуму прыводзіш! Радуйся, бо Ты скрышыла таго, хто разбэшчвае думкі! Радуйся, бо Ты нарадзіла Сейбіта чысьціні!
Радуйся, вясельны Пакой духоўнага шлюбу! Радуйся, бо Ты зьяднала верных з Госпадам! Радуйся, ласкавая Ўзгадавальніца дзеваў! Радуйся, надзейная Ахоўніца сьвятых душаў! *Радуйся, Дзева Маці!
Кандак 11 Усіх песьняў замала, каб належна ўславіць безьліч ласкаў Тваіх. Калі б, Уладару сьвяты, нашых песьняў было як пяшчынак на беразе мора, то і гэта — як нішто ў параўнаньні з тым, што Ты ўчыніў для нас, якія клічам: Алілуя!
ДЗЕНЬ XI (24 снежня) - Ікас 11
Мы бачым Сьвятую Дзеву, што, быццам ясны сьветач, сьвеціць тым, што ў цемры. Запаліўшы духоўны агонь, Яна прыводзіць усіх да пазнаньня Бога і прасьвятляе розум. Дзеля гэтага славім Яе і пяем: Радуйся, Прамень нябачнага духоўнага сонца! Радуйся, Блістаньне незаходнага сьвятла! Радуйся, Маланка, што асьвятляе душы нашыя! Радуйся, Гром, страшны для ворагаў!
Радуйся, Заранка, што прадвяшчае вялікае Сьвятло! Радуйся, Крыніца, з якой цячэ шматструменная рака! Радуйся, Правобраз ачышчальнага хросту! Радуйся, бо Ты адымаеш агіду граху!
Радуйся, Вада, што абмывае сумленьне! Радуйся, Чаша, поўная радасьці! Радуйся, Пах Хрыстовай духмянасьці! Радуйся, Ажыцьцяўленьне тайнай радасьці! *Радуйся, Дзева Маці!
Кандак 12 Каб даць вызваленьне ад старых даўгоў, Той, Хто сплочвае даўгі ўсіх людзей, Сам зышоў да тых, што адышлі ад Ягонай ласкі; разарваўшы сьведчаньне віны, Ён пачуў ад усіх: Алілуя!
ДЗЕНЬ XII (25 снежня – РАСТВО ХРЫСТОВАЕ) - Ікас 12
Славім Тваё мацярынства і аддаем хвалу Табе, Багародзіца, як адухаўлёнай сьвятыні, бо ў Тваім улоньні пасяліўся Госпад, Які трымае ўсё ў сваёй руцэ. Ён асьвяціў і ўславіў Цябе, і навучыў нас пяяць Табе: Радуйся, Селішча Бога-Слова! Радуйся, Вышэйшая за сьвятое сьвятых! Радуйся, Ківот, пазалочаны Духам! Радуйся, невычэрпная Скарбніца жыцьця!
Радуйся, шматкаштоўны Вянец добрых уладароў! Радуйся, Пахвала пабожных сьвятароў! Радуйся, непарушны Стоўп Царквы! Радуйся, незьнішчальная Сьцяна Валадарства!
Радуйся, бо праз Цябе сьцяг перамогі ўзносіцца! Радуйся, бо Табою ворагі перамагаюцца! Радуйся, Лекарка цела майго! Радуйся, Збаўленьне душы маёй! *Радуйся, Дзева Маці!
Кандак 13 Усяхвальная Маці, што нарадзіла Слова, сьвяцейшае за ўсіх сьвятых! Прымі гэтыя нашы малітвы, выбаў ад усякіх бедаў, і вызваль ад будучых мукаў тых, што пяюць Табе: Алілуя! |
|
22.12.2023
|






Сёньняшняе чытаньне:
