Пошук

Каляндар

 

5-ты і 6-ты дзень на шляху да Божага Нараджэння з АКАФІСТАМ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ БАГАРОДЗІЦЫ, Частка II  


5-ты і 6-ты дзень на шляху да Божага Нараджэння з АКАФІСТАМ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ БАГАРОДЗІЦЫ, Частка II ДЗЕНЬ V (18 снежня) - Ікас 5

 

Сыны халдэйскія ўбачылі на руках Дзевы Таго, Хто рукою Сваёю людзей стварыў, і зразумелі, што Ён — Уладар, хоць і прыняў выгляд слугі. Яны пасьпяшылі ўшанаваць Яго падарункамі і ўсклікнулі Блаславёнай: 

 

Радуйся, Маці незаходнай зоркі! 

Радуйся, Сьвітанак таемнага дня! 

Радуйся, бо Ты патушыла агонь маны! 

Радуйся, Прасьвятленьне пасьвечаных у тайніцу Тройцы! 

 

Радуйся, бо Ты чалавеканенавісьніка пазбавіла моцы! 

Радуйся, бо Ты аб’явіла нам Госпада Хрыста Чалавекалюбца! 

Радуйся, бо Ты выбавіла нас ад ідаласлужэньня! 

Радуйся, бо Ты ратуеш нас з твані нячыстых справаў! 

 

Радуйся, бо Ты пагасіла пакланеньне агню! 

Радуйся, Вызваленьне ад полымя грэшных думак! 

Радуйся, Настаўніца і Прыклад чысьціні для верных! 

Радуйся, Радасьць усіх народаў! 

*Радуйся, Дзева Маці! 

 

Кандак 6

 

Мудрацы вярнуліся ў Бабілён баганоснымі вестунамі і, спаўняючы прароцтва Тваё, прапаведавалі ўсім Цябе як Хрыста. Яны пакінулі бяздумнага Ірада, як пустаслова, што ня ўмеў пяяць: Алілуя!

 

ДЗЕНЬ VI (19 снежня) - Ікас 6

 

Ты, Збавіцелю, прасьвятліў Ягіпет сьвятлом праўды і разьвеяў цемру маны; ідалы ягоныя, ня ў змозе ўстаяць перад Тваёю сілаю, упалі; а людзі, выбаўленыя ад іх, уславілі Багародзіцу: 

 

Радуйся, Папраўленьне людзей! 

Радуйся, Упадак бесаў! 

Радуйся, бо Ты перамагла сілу маны! 

Радуйся, бо Ты выкрыла ілжу ідалапаклонства! 

 

Радуйся, Мора, што патапіла духоўнага фараона! 

Радуйся, Скала, з якой цячэ вада для тых, што жадаюць жыцьця! 

Радуйся, вогненны Слуп, што асьвятляе шлях для тых, што ў цемры! 

Радуйся, Покрыва сьвету, больш шырокае за неба! 

 

Радуйся, Ежа, што замяніла манну! 

Радуйся, Служка сьвятой радасьці! 

Радуйся, абяцаная Зямля! 

Радуйся, Крыніца, з якой цячэ мёд і малако! 

*Радуйся, Дзева Маці! 

 

Кандак 7

 

Да Сымона, якому настаў час сысьці з гэтага зманлівага сьвету, прынесьлі Цябе як дзіцятка; але ён спазнаў у Табе дасканалага Бога і, дзівячыся з Тваёй невыказнай мудрасьці, усклікнуў: Алілуя!


18.12.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier