Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
НАСУСТРАЧ РАСТВУ ХРЫСТОВАМУ
“Бог піша роўна па крывых чалавечых радках” 1.Калі евангеліст Лука пачынае свой аповед пра нараджэнне Ісуса Хрыста згадкай, што «ў тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста перапісаць усю зямлю» (Лк. 2, 1), ён не толькі дае нам каштоўную гістарычную інфармацыю, але таксама робіць важнае багаслоўскае пасланне. І сапраўды, як адзначае Бенядыкт XVI, дакладнае і ўважлівае датаванне ў Евангеллі паводле Лукі гістарычнай гадзіны нараджэння Ісуса ўказвае перадусім на гістарычнасць асобы Ісуса Хрыста: “Ісус не нарадзіўся і не з’явіўся дзесьці ў міфе. Ён належыць да дакладна датаванага часу і геаграфічна акрэсленай прасторы». Але Ісус не проста «належыць» гісторыі чалавецтва — Ён як Бог адначасова знаходзіцца над гэтай гісторыяй, Ён яе Уладар і Госпад. Менавіта таму будзе дарэчы ўслед за Бенядыктам XVI казаць, што ў Ісусе «ўніверсальнае і канкрэтнае супадаюць. У Ім увайшло ў свет Слова, творчы пачатак усіх рэчаў». З гэтага часу ўсе гістарычныя падзеі і грамадска-палітычныя з’явы свядома ці несвядома падпарадкаваныя выкананню таямнічага збаўчага Божага плану, які Бог ажыццяўляе ў Хрысце Ісусе.
2. Як мы часта чытаем у Евангеллях: «А сталася гэта, каб збылося тое, што сказана прарокамі...» Пры гэтым тое, што адбываецца, не заўсёды радаснае, пазітыўнае ці прыемнае. Аднак ва ўсіх момантах чалавечай гісторыі – асабістай, сямейнай, народнай – дзейнічае таямнічы Божы Провід, які часта выкарыстоўвае людзей і гістарычныя падзеі для здзяйснення свайго боскага плану адносна асобаў, супольнасцей, народаў і ўсяго чалавецтва. Французскі паэт і дыпламат Поль Кладэль сказаў, што «Бог піша роўна нават на крывых радках», а хтосьці дадае — «на чалавечых радках», тым самым падкрэсліваючы, што чалавечыя недасканалыя, а часам і злыя задумы і дзеянні не могуць перашкодзіць планам Божым, наадварот - Бог уваходзіць у гэтую чалавечую гісторыю і здзяйсняе ў ёй свой таямнічы і збаўчы план. Выдаючы загад пра перапіс насельніцтва ў імперыі, рымскі цэзар наўрад ці дапускаў, што гэты загад прывядзе да ажыццяўлення Божых планаў ва ўсім сусвеце. Аднак Бог выкарыстаў гэты загад рымскага саноўніка, каб споўнілася Ягонае Божае Слова, прамоўленае праз прарокаў. Прыкладаў такога таямнічага дзеяння Бога мы маем шмат у гісторыі чалавека і народа.
3. Мяне заўсёды ўражвала рэакцыя старазапаветнага патрыярха Язэпа, якога зайздросныя браты прадалі ў егіпецкае рабства, а ён пасля гадоў блуканняў і прыніжэння, ужо як фараонаў вяльможа, сказаў сваім братам: "Не шкадуйце, і хай не здаецца ганебным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Егіпет. (...) Не па вашым рашэнні, але па волі Божай пасланы я сюды" (Быц. 45, 5.8 ). Блаславёны святамучанік Амялян Коўч пісаў сваім родным са зняволення ў нацысцкім канцлагеры ў Майданаку, што «тут ён бачыць Бога», і запэўніваў, што «пасля Валадарства Нябеснага гэта - другое месца, дзе ён хацеў бы знаходзіцца ў дадзены момант». У жудасных і нечалавечых умовах канцэнтрацыйнага лагера наш праведнік бачыў збаўчае дзеянне Бога і Яго любячую прысутнасць, якой ён давяраў і ў якую быў пагружаны ўсёй сваёй істотай.
4. Пасля распаду Савецкага Саюза адна журналістка спытала ў архібіскупа Уладзіміра Стэрнюка, як яму ўдавалася выконваць сваё служэнне ў тыя «бязбожныя часы» камуністычнага рэжыму. На гэта сівагаловы Уладыка-вызнаўца адказаў: «Дзіця, не бывае бязбожных часоў, бо кожны час належыць Богу. Таму ў тыя «Божыя часы» мы працягвалі, у меру сваіх сіл і магчымасцяў, чыніць Божыя справы...». Увогуле, святыя і духоўныя людзі валодалі той незвычайнай здольнасцю, якую мы так моцна патрабуем: бачыць Бога ва ўсіх абставінах жыцця, верыць у тое, што Бог усё вядзе да добрага завяршэння, што апошняе слова будзе толькі за Ім і Яго святой воляй. Нібы падсумаванне для сённяшніх роздумаў гучаць у маім сэрцы словы майго сабрата-рэдэмптарыста – св. Клімента Марыі Гафбаўэра: «Будзьце адважныя! Бог ёсць Госпадам! Ён скіроўвае ўсё на ўласную славу і на нашу карысць, і ніхто не можа супрацьстаяць Яму. Усе чалавечыя планы, незалежна ад таго, наколькі добра яны распрацаваны, служаць толькі выкананню Яго святой волі. … Я бачу, што ўсё, што здаецца нам варожым, вядзе нас туды, дзе Бог хоча нас бачыць».
Малітва.
Госпадзе, які заснаваў часы і гады, які ўсюды ёсць і ўсім кіруеш! Навучы мяне бачыць Тваю прысутнасць ва ўсіх абставінах нашага жыцця. Навучы нас усё больш давяраць Тваёй непасціжнай мудрасці, якая ўсё скіроўвае на Тваю славу і на нашу карысць. Будзь са мной заўсёды, мой Госпадзе, і дай, каб я заўсёды быў там, дзе Ты гэтага жадаеш, і каб нада мною здзейснілася Твая збаўчая воля! Амін. Аўтар - Біскуп Багдан Дзюрах, рэдэмптарыст |
|
14.12.2023
|






Сёньняшняе чытаньне:
