Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
УСПАМІН СВ. ЯНА ПАЎЛА ІІ, ПАПЫ
З пашанай узгадваем святога Яна Паўла ІІ сёння – 22 кастрычніка 2023 г., у літургічную гадавіну пачатку яго пантыфікату, а 16 кастрычніка, у сорак пятыя угодкі яго абрання на Пасад св. Пятра.
Гэта Ён на працягу дваццаці сямі гадоў свайго пантыфікату ўсведамляў, што Ісус Хрыстос патрабуе Яго штодзённага, вернага і адданага служэння, каб споўніліся словы, сказаныя ў ваколіцах Цэзарыі Філіпавай святому Пятру, а ў ім - усім яго наступнікам: «На скале гэтай збудую Маю Царкву і брамы пякельныя не перамогуць Яе».
Ян Павел ІІ служыў Хрыстовай Царкве, ад самага пачатку змагаючыся з тагачаснымі выклікамі, якія многія з вас яшчэ памятаюць. Тыя з вас, хто быў дастаткова дарослым, напэўна, памятаюць сваё асабістае здзіўленне і захапленне, калі даведаліся, што кардынал з краіны за жалезнай заслонай, Караль Вайтыла з Польшчы, быў абраны Папам, першым Папам неітальянцам за больш чым чатырохсотпяцідзесяцігадовую гісторыю Царквы. Мы, маладзейшыя, напэўна, больш памятаем момант, калі Папа Ян Павел ІІ скончыў сваю зямную пілігрымку і накіраваўся ў дом Нябеснага Айца, каб атрымаць вечную ўзнагароду за вернае служэнне. А самыя маладыя з нас, якія нарадзіліся пасля эпохі Яна Паўла ІІ, дзякуючы такім магчымасцям, як сёння, маюць магчымасць паслухаць і даведацца больш пра гэтага ўнікальнага чалавека, які быў актыўным удзельнікам і сведкам падзей сусветнага значэння, пачынаючы ад Другой Сусветнай вайны, аж да уваходу ў трэцяе тысячагоддзе хрысціянства.
Менавіта Ён, Ян Павел ІІ, 30 гадоў таму (у 1993 г.) прыслаў у Беларусь яшчэ маладога тады Апостальскага візітатара ераманаха Сяргея (Гаека). Менавіта ён, Ян Павел ІІ, аднавіў публічнае літургічнае жыццё грэка-католікаў у Беларусі.
Паслухаем, як сам Ян Павел ІІ разважаў над толькі што пачутым Евангеллем (Мц 16, 13-20) у 2001 годзе:
“Праз два тысячагоддзі «скала», на якой заснавана Царква, застаецца нязменнай: гэта вера Пятра. «На гэтай скале» (Мц 16, 18) Хрыстос пабудаваў сваю Царкву, духоўны будынак, які не састарэў за стагоддзі. Безумоўна, па проста чалавечых і гістарычных меркаваннях яна не магла вытрымаць напады такой колькасці ворагаў!
На працягу стагоддзяў Святы Дух прасвятляў мужчын і жанчын кожнага ўзросту, паклікання і сацыяльнага становішча, каб зрабіць іх «жывымі камянямі» (1 П 2,5) гэтай канструкцыі. Гэта святыя, якіх Бог натхняе невычэрпнай фантазіяй, якіх нашмат больш, чым тых, якіх Царква ўрачыста ставіць усім у прыклад. Адна вера; адна «скала»; адзін краевугольны камень: Хрыстос, Збаўца чалавека.
«Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнін»! Блаславенства Сымона такое ж, як і Найсвяцейшай Багародзіцы, да якой Альжбета сказала: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца слова Бога» (Лк 1, 45). Гэта блаславенства таксама актуальна для сённяшняй супольнасці вернікаў, якой Ісус паўтарае: Блаславёная ты, Царква двух тысячагоддзяў, якая захоўваеш некранутым Евангелле і працягваеш з новым энтузіязмам прапаноўваць яго людзям пачатку новага тысячагоддзя!
У веры, плёне таямнічай сустрэчы паміж Божай ласкай і чалавечай пакораю, якая ёй давяраецца, крыецца таямніца таго ўнутранага спакою і той радасці сэрца, якія ў нейкай ступені прадчуваюць асалоду нябёсаў”.
Гэта былі словы самога Яна Паўла ІІ, прамоўленыя ў 2001 годзе. Як моцна нам патрэбны гэты мір і радасць у нашых сэрцах і сёння.
Кожны Папа змагаецца з выклікамі часу, у які ён пакліканы на служэнне. Цяперашні Папа Францішак таксама змагаецца з выклікамі сучаснасці. У многіх выпадках ён паўтарае: Per favore, non dimenticatevi di pregare per me - Калі ласка, не забывайце маліцца за мяне. Калі ён разам з іншымі ўдзельнікамі Сіноду ў Рыме ўслухоўваецца ў голас Духа Святога, шукаючы адказаў і парады на выклікі, якія стаяць перад Каталіцкай Царквой сучаснасці, мы суправаджаем іх нашай малітвай.
Няхай Маці Божая Нястомнай Дапамогі, Якую ў гэтым храме асабліва ўшановаеце, ахінае нас і ўсю Паўсюдную Царкву покрывам сваёй апекі. Амін.
Казанне 22.10.2023 у храме парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску. Аўтар - кс. Кшыштаф Сэрока |
|
22.10.2023
|






Сёньняшняе чытаньне:
