Пошук

Каляндар

 

Абнародавана Апостальская адгартацыя Папы Францішка Laudate Deum на тэму кліматычнага крызісу  


Абнародавана Апостальская адгартацыя Папы Францішка Laudate Deum на тэму кліматычнага крызісуLaudate Deum — пад такой назвай 4 кастрычніка ў Ватыкане была абнародавана апостальская адгартацыя Папы Францішка, у якой Святы Айцец папярэджвае аб тым, што чалавек, прэтэндуючы на месца Бога, уяўляе найбольшую небяспеку для самога сябе.


Кароткі агляд дакумента падае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

 

Апублікаваная ва ўспамін святога Францішка Апостальская адгартацыя дапаўняе энцыкліку Laudato si' ад 2015 года.

 

Яе асноўныя тэзісы: прынятых мер недастаткова, мы набліжаемся да пераломнага моманту; прычынай глабальнага пацяплення, несумненна, з’яўляецца дзейнасць чалавека; клопат пра агульны дом вынікае з хрысціянскай веры.

 

Новы дакумент складаецца з шасці раздзелаў і 73-х параграфаў. Напярэдадні канферэнцыі па клімаце COP 28, якая адбудзецца ў Дубаі праз два месяцы, Святы Айцец заклікае да сумеснай адказнасці перад абліччам змены клімату, таму што свет «разбураецца і, магчыма, набліжаецца да пераломнага моманту». Гэта «адна з асноўных праблем, якія стаяць перад грамадствам і сусветнай супольнасцю», «ад наступстваў змены клімату пакутуюць найбольш уразлівыя людзі» (3).

  • Змена клімату становіцца ўсё больш відавочнай

У першым раздзеле адгартацыі гаворыцца пра тое, што «прыкметы змены клімату», такія як экстрэмальныя з’явы надвор’я, анамальная спякота і засухі, становяцца ўсё больш відавочнымі, як бы іх ні адмаўлялі.

 

«Некаторыя кліматычныя змены, выкліканыя дзейнасцю чалавека, значна павышаюць верагоднасць больш частых і інтэнсіўных экстрэмальных з’яваў»,— папярэдзіў Папа.

У адказ тым, хто адмаўляе ці прымяншае змену клімату, ён напісаў: «сёння мы назіраем незвычайнае паскарэнне пацяплення». «Верагодна, праз некалькі гадоў многія групы насельніцтва будуць вымушаны з прычыны гэтых з’яваў пераехаць на новыя месцы» (6).

  • Нельга абвінавачваць бедных

Папа Францішак нагадаў, «што невялікі працэнт багатага насельніцтва свету забруджвае больш, чым 50 працэнтаў найбяднейшага». Афрыка, дзе жыве больш за палову бедных, нясе адказнасць толькі за мінімальную частку выкідаў за ўсю гісторыю» (9).

 

На думку Папы, памылкова сцвярджаць, што меншае выкарыстанне выкапнёвага паліва прывядзе «да скарачэння працоўных месц». Насамрэч, «мільёны людзей губляюць працу» з прычыны змены клімату, у той час як добра арганізаваны пераход да аднаўляльных крыніц энергіі здольны стварыць незлічоныя працоўныя месцы ў розных сектарах. Неабходна, каб палітыкі і прадпрымальнікі неадкладна паклапаціліся пра гэта (10).

  • Вынік дзейнасці чалавека

Больш не можа падлягаць сумневу тое, што змена клімату — гэта вынік дзейнасці чалавека, — напісаў Папа Францішак. «За апошнія 50 гадоў рост канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы рэзка паскорыўся» (11). У той жа час тэмпература паветра «расце з небывалай хуткасцю, якая не мае прэцэдэнтаў у апошнія дзве тысячы гадоў» (12). Гэта вядзе да акіслення акіянаў і раставання ледавікоў. Нельга хаваць сувязь паміж гэтымі падзеямі і ростам выкідаў парніковых газаў. Пераважная большасць кліматолагаў прызнаюць гэтую ўзаемасувязь, і толькі мінімальны працэнт навукоўцаў спрабуе абвергнуць гэтыя доказы.

 

На жаль, кліматычны крызіс — гэта не тое пытанне, якое б «цікавіла вялікія дзяржавы з моцнай эканомікай, што клапоцяцца пра атрыманне максімальнага прыбытку пры мінімальных выдатках і ў самыя кароткія тэрміны» (13).

  • У нас мала часу, каб пазбегчы трагедыі

«Я вымушаны даваць гэтыя тлумачэнні, якія могуць падавацца відавочнымі, з прычыны некаторых грэблівых і неабгрунтаваных меркаванняў, што сустракаюцца нават у Каталіцкім Касцёле.Але мы ўжо не можам сумнявацца ў тым, што прычынай незвычайнай хуткасці гэтых небяспечных змен з’яўляецца бясспрэчны факт: буйнамаштабныя падзеі звязаныя з неўтаймаваным умяшаннем чалавека ў прыроду» (14). На жаль, некаторыя наступствы кліматычнага крызісу — незваротныя, і застануцца з намі як мінімум на сотні гадоў. Тэрмінова неабходна больш шырокае бачанне <…>. Ад нас не патрабуецца нічога, акрамя пэўнай адказнасці за спадчыну, якую мы пакінем пасля сябе ў гэтым свеце» (18).

  • Тэхнакратычная парадыгма: ідэя чалавека без абмежаванняў

У другім раздзеле Папа Францішак засяроджвае ўвагу на тэхнакратычнай парадыгме, якая прымушае нас «думаць, быццам рэальнасць, дабро і праўда могуць самі па сабе расквітнець дзякуючы моцы тэхналогіі і эканомікі» (20). Гэтая парадыгма грунтуецца на ідэі чалавека без абмежаванняў.

 

«Ніколі раней чалавецтва не валодала такой уладай над сабой, але не існуе гарантыі таго, што яна пойдзе на карысць чалавецтва, асабліва калі ўлічваць тое, як яна выкарыстоўваецца <…>. Жудасна рызыкоўна, што гэтая ўлада належыць невялікай частцы чалавецтва» (23).

 

Пантыфік нагадаў, што «навакольны свет — не аб’ект эксплуатацыі, нястрыманага выкарыстання, бязмежных амбіцый» (25).

 

Мы — частка прыроды, і гэта значыць, што чалавек не з’яўляецца «чужынцам ці вонкавым фактарам, здольным толькі на тое, каб наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю» (26).

  • Этычная дэградацыя ўлады: маркетынг і ілжывая інфармацыя

Мы атрымалі «ўражальныя і цудоўныя тэхналагічныя дасягненні, але не ўсведамляем таго, што адначасова сталі вельмі небяспечнымі, здольнымі паставіць пад пагрозу жыццё многіх істот і наша ўласнае выжыванне» (28).

 

«Этычная дэградацыя рэальнай улады хаваецца пад маскай маркетынгу і ілжывай інфармацыі — карыснымі механізмамі ў руках тых, хто валодае рэсурсамі, неабходнымі для ўплыву на грамадскую думку». «Зачараваныя абяцаннямі ілжывых прарокаў, бедныя часам таксама паддаюцца падману свету, не пабудаванага для іх» (31). Перавага застаецца на баку «тых, хто нарадзіўся ў лепшых для развіцця ўмовах» (32).

  • Слабая міжнародная палітыка

У наступным раздзеле Святы Айцец звяртаецца да тэмы слабасці міжнароднай палітыкі, настойваючы на неабходнасці «шматбаковых пагадненняў паміж дзяржавамі» (34). Ён заклікае да «большай эфектыўнасці сусветных арганізацый, надзеленых паўнамоцтвамі гарантаваць агульнае дабро ў свеце». Такія арганізацыі «павінны быць надзелены рэальнымі паўнамоцтвамі для гарантыі рэалізацыі пэўных мэт, абавязковых для выканання» (35).

 

Папа Францішак выказаў жаль у сувязі з тым, што «глабальныя крызісы праходзяць марна», як гэта адбылося з фінансавым крызісам 2007–2009 гадоў і з пандэміяй каранавірусу, якія прывялі да «яшчэ большага індывідуалізму, меншай інтэграцыі, большай свабоды для моцных, якія заўсёды знаходзяць спосабы заставацца на паверхні» (36).

 

Сённяшняя задача — аднавіць новую шматбаковасць «у святле новай глабальнай сітуацыі» (37), прызнаючы пры гэтым, што кампенсаваць недахопы міжнароднай супольнасці дапамагаюць шматлікія аб’яднанні і арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

  • Інстытуты, якія абараняюць правы наймацнейшых, не прыносяць карысці

На думку Папы Францішка, шматбаковасць павінна рэалізоўвацца «знізу», а не «ўладнымі элітамі». (38). Для эфектыўнага супрацоўніцтва неабходныя новыя рамкі, «глабальныя механізмы» рэагавання, «універсальныя і эфектыўныя правілы» (42). Таму неабходна «нешта накшталт вялікай дэмакратызацыі ў сусветнай сферы <…>. Больш не будзе карысна падтрымліваць інстытуты, якія абараняюць правы наймацнейшых, не клапоцячыся пра правы ўсіх». (43)

  • Чаго чакаць ад канферэнцыі па клімаце ў Дубаі

Як піша Пантыфік у наступным раздзеле, «мы не можам адмовіцца ад мары аб тым, што COP 28 прывядзе да рашучага паскарэння пераходу ў сферы энергетыкі і эфектыўных абавязацельстваў, якія можна будзе пастаянна кантраляваць. Канферэнцыя можа стаць паваротным момантам» (54). На жаль, «неабходны пераход да чыстых крыніц энергіі <…>, не ідзе дастаткова хутка» (55).

  • Хопіць кпіць з экалагічнай праблемы

Папа Францішак заклікаў пакласці канец «безадказным кпінам» тых, хто высмейвае экалагічную праблему з эканамічных інтарэсаў. Гаворка ідзе пра «чалавечую і сацыяльную праблему ў шырокім сэнсе і на розных узроўнях, таму патрабуецца ўдзел усіх».

 

Што датычыцца пратэстаў радыкальных груповак, на думку Папы, «яны запаўняюць пустэчу, якая існуе ў грамадстве», таму што «кожная сям’я павінна думаць пра тое, што на карту пастаўлена будучыня іх дзяцей» (58) і аказваць здаровы ціск.

 

Пантыфік выказаў спадзяванне на тое, што на Канферэнцыі COP 28 з’явяцца новыя «формы энергетычнага пераходу», якія будуць абавязковымі, эфектыўнымі і лёгка кантраляванымі (59).

«Мы спадзяемся на тое, што дакладчыкі будуць стратэгамі, здольнымі думаць пра агульнае дабро і будучыню сваіх дзяцей, а не пра абмежаваныя інтарэсы якой-небудзь краіны ці кампаніі.Няхай такім чынам яны прадэманструюць высакароднасць палітыкі, а не яе ганьбу» (60).

  • Абавязацельства, якое вынікае з хрысціянскай веры

Пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў пра тое, што прыхільнасць абароне навакольнага асяроддзя вынікае з хрысціянскай веры. Ён заахвоціў «братоў і сясцёр іншых рэлігій рабіць тое самае» (61).

 

«Юдэйска-хрысціянскае бачанне свету падтрымлівае своеасаблівую і цэнтральную каштоўнасць чалавечай асобы сярод цудоўнага канцэрта ўсіх жывых істот <…>.

 

Мы складаем своеасаблівую сусветную сям’ю, аб’яднаную ўзнёслымі адносінамі, якія заклікаюць нас да святой, міласэрнай і пакорнай павагі» (67).«Гэта не залежыць ад нашай волі <…>, таму што Бог шчыльна злучыў нас з навакольным светам» (68). Важна памятаць, што «не бывае працяглых змен без змен культурных <…>. А культурныя змены немагчымыя без змен у людзях» (70). «Намаганні сем’яў па скарачэнні забруджвання і адкідаў, па разумным спажыванні ствараюць новую культуру» (71).

 

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што «выкіды на душу насельніцтва ў Злучаных Штатах прыкладна ўдвая большыя, чым у Кітаі, і прыкладна ў сем разоў большыя, чым у сярэднім у самых бедных краінах».

 

«Шырокая распаўсюджанасць безадказнага ладу жыцця па заходняй мадэлі сур’ёзна паўплывае ў доўгатэрміновай перспектыве»,— папярэдзіў Папа Францішак, заклікаўшы да «неабходных палітычных рашэнняў», каб ісці «шляхам ўзаемнага клопату» (72).

 

Паводле Catholic.by


5.10.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier