Пошук

Каляндар

 

Каталіцкія біскупы Еўропы заявілі пра этычную беспадстаўнасць права на аборт  


Каталіцкія біскупы Еўропы заявілі пра этычную беспадстаўнасць права на абортКамітэт па этыцы Камісіі канферэнцый біскупаў Еўрапейскага Саюзу (COMECE) выступіў з заявай пра этычную неапраўданасць уключэння права на аборт у Хартыю фундаментальных правоў ЕС.


Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у дакуменце сцвярджаецца, што павага да чалавечай годнасці на кожным этапе жыцця, асабліва ў сітуацыях поўнай уразлівасці, з’яўляецца фундаментальным прынцыпам дэмакратычнага грамадства. З юрыдычнага пункту гледжання, у еўрапейскім ці міжнародным праве не існуе прызнанага права на аборт. Ні Хартыя фундаментальных правоў ЕС, ані Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека не падтрымліваюць права на аборт, — гаворыцца ў заяве.

 

«Еўрапейскі суд па правах чалавека ніколі не абвяшчаў аборт правам чалавека, якое абараняецца Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека. Наадварот, ён абвясціў права на жыццё адным з асноўных правоў чалавека і пацвердзіў у сваёй судовай практыцы, што абарона ненароджанага жыцця з’яўляецца законнай мэтай дзяржаў-удзельніц Канвенцыі»,— сцвярджаецца ў заяве COMECE.

 

Аборт закранае права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, але дзяржава таксама мае законны інтарэс у абароне ненароджаных дзяцей і абавязана забяспечыць, каб законы не ўзмацнялі дыскрымінацыю ў дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі ці не абмяжоўвалі права на свабоду сумлення медыцынскіх работнікаў, — адзначаецца ў дакуменце.

 

У пераважнай большасці дзяржаў-членаў ЕС дзейнічаюць спецыяльныя законы, якія рэгулююць практыку абортаў. Што тычыцца неаднаразовага закліку ўключыць фундаментальнае права на аборт у Хартыю фундаментальных правоў ЕС, то гэта б запатрабавала вельмі складанай працэдуры: ратыфікацыі ўсімі дзяржавамі-членамі, а таксама дамоўленасці з удзелам прадстаўнікоў усіх нацыянальных парламентаў, кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, Еўрапейскага парламента і Еўрапейскай камісіі, — падкрэсліваецца ў заяве.

 

У ЕС існуе вялікая разнастайнасць нарматыўных актаў і канстытуцыйных традыцый, якія рэгулююць правы цяжарных жанчын і ненароджаных дзяцей.

 

Зыходзячы з павагі да гэтай разнастайнасці, «права на аборт не з’яўляецца агульным прынцыпам заканадаўства ЕС», — падкрэслена ў дакуменце Камісіі канферэнцый біскупаў Еўрапейскага Саюзу.

 

Vatican News нагадвае, што ў пачатку 2022 года COMECE выказала глыбокую занепакоенасць у сувязі з прапановай уключыць права на аборт у Хартыю фундаментальных правоў ЕС. У ліпені 2022 года еўрапейскія біскупы заклікалі палітычных лідараў «працаваць дзеля ўмацавання адзінства еўрапейцаў, а не садзейнічаць росту ідэалагічных бар’ераў і палярызацыі».

 

Паводле Catholic.by


20.07.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier