Пошук

Каляндар

 

Папа благаславіў копіі абразоў Багародзіцы з Беларусі  


Папа благаславіў копіі абразоў Багародзіцы з БеларусіКопіі цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія ўжо наведалі шмат беларускіх парафій, 28 чэрвеня 2023 года прыбылі на плошчу святога Пятра ў Ватыкане, дзе іх благаславіў Францішак.

 

Збор з пятнаццаці ікон Багародзіцы, напісаныя мастачкай з Маладзечна Ядзвігай Сянько, у трэці раз выехаў за межы краіны. У лістападзе копіі абразоў знаходзіліся ў Вільні падчас Апекаў Маці Божай – урачыстасцей у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, а ў маі – у галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы, у Чэнстахове.

 

Перэгрынацыю суправаджае яе духоўны кіраўнік, ксёндз Станіслаў Станеўскі. У складзе беларускай дэлегацыі ў Ватыкан прыбыў таксама хор касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску Голас душы, які выканаў некалькі шматгалосных багародзічных беларускіх спеваў, надаўшы аўдыенцыі больш урачысты характар.

 

Калі Папа наблізіўся да беларускіх пілігрымаў хор узнёс у яго гонар Plurimos annos, з пажаданнем доўгіх гадоў жыцця. Святы Айцец благаславіў копіі абразоў, якія ўшаноўваюцца ў Беларусі, а таксама атрымаў у дар спіс іконы Маці Божай Будслаўскай.

 

Ініцыятарам перэгрынацыі марыйных абразоў з’яўляецца пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Копія цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай была перададзена Папу ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і беларускіх вернікаў з нагоды 25-годдзя яго каранацыі і 410-годдзя яго з’яўлення ў Будславе.

 

 

Аляксандр Амяльчэня, Аляксандр Панчанка - Vatican News


28.06.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier