Пошук

Каляндар

 

Папа Францішак суправадзіў місію Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроці ў Беларусі адмысловым Лістом  


Папа Францішак суправадзіў місію Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроці ў Беларусі адмысловым ЛістомПапа скіраваў адмысловы ліст да свайго спецыяльнага пасланніка на ўрачыстасці 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

 

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці ўзначаліць урачыстасці ў нацыянальным санктуарыі 30 чэрвеня і 1 ліпеня 2023 года.

 

Францішак “з радасцю” надзяляе прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў “паўнамоцтвамі старшынстваваць падчас урачыстасцей” і ад яго імя вітаць і благаслаўляць “духавенства, дзяржаўныя ўлады і ўсіх вернікаў”, каб яны адчулі “матчыну любоў Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Заступніцы ласкі”.

 

Удзяляючы іерарху права папскага благаслаўлення ўсіх, хто будзе прысутнічаць на цэлебрацыі, Пантыфік паабяцаў суправаджаць яго місію ў Беларусі “гарачымі малітвамі”.

 

Завяршаючы свой ліст, Францішак даверыў сваё служэнне малітвам усіх сабраных на ўрачыстасці ў Будславе.

 

Арцыбіскуп Гуджэроці не аднойчы наведваў Будслаў падчас свайго служэння ў якасці апостальскага нунцыя ў Беларусі. Падчас святой Імшы ў беларускім нацыянальным санктуарыі ў ліпені 2015 года, ён заўважыў, што ў гэтым месцы Маці Божая чакае ўвесь народ.

 

Ватыканскі іерарх не стаў першым папскім пасланнікам на ўрачыстасцях у Будславе. Раней у іх бралі ўдзел: старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Жан-Луі Таран, у 2013 годзе з нагоды 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Багародзіцы ў Будславе, і арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн у 2016 годзе, з нагоды 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай Мітраполіі.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


24.06.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier