Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Што трэба рабіць, каб атрымаць Жыцьцё вечнае?  


У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа.

У сёньняшнім Евангельлі знаўца Закону ставіць галоўнае пытаньне жыцьця: Што трэба рабіць, каб атрымаць Жыцьцё вечнае? Законьнік дакладна ведае адказ – выканаць Закон Майсея. Але чаму тады пытаецца ў Ісуса з Назарэту?

Думаю, што прычынай “спакушэньня” сталі цуды міласэрнасьці і словы Хрыста пра любоў да бліжніх. Магчыма, законьнік прыняў Ісуса за …атэіста, які чалавека робіць богам. У той час сярод эліністычнай філасофіі існавалі такія “філантрапічныя” напрамкі. У сучасным сьвеце асабліва пашыраныя погляды пра ўвагу да чалавека, аднак падкрэсьлена без усякай рэлігійнасьці. Але ж без хрысьціянскага падмурку такая чуйнасьць да бліжняга зводзіцца да звычайнага шанаваньня жывога стварэньня, і чалавек ставіцца на ўзровень нейкага ката, якому не хапае мяснога “Віскасу”. Заходнія СМІ могуць доўга галасіць па няшчасных жывёлках, закрываючы вочы на паміраючых ад голаду дзяцей у Афрыцы, бо “хто мой бліжні?” – сабачкі мясцовыя, а дзеці далёка…

Хрыстос коратка і ясна адпавядае нам, што першае Прыказаньне Закону, якога Ён ёсьць выканаўцам, - любоў да Бога. Бо толькі ў сьвятле гэтага прыказаньня любоў да чалавека набывае сваю сапраўдную каштоўнасьць – асабліва люблю бліжняга не толькі за тое, што ён – адно са стварэньняў Божых, а таму, што ён ёсьць Вобразам Божым! І толькі з дапамогай Божай, у Сьвятым Духу можна пераадолець уласны эгаізм, які замінае кожнаму з нас быць міласэрнымі, як наш Айцец Нябесны, да кожнага патрабуючага. Паступай, як самаранін з прыповесьці, і будзеш жыць Божым жыцьцём, а не пустым існаваньнем. Амінь.

Аўтар - А. Васіль Ягораў

31.10.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier