Пошук

Каляндар

 

Кардынал Марэнга: візіт Папы – важны знак для Касцёла ў Манголіі  


Кардынал Марэнга: візіт Папы – важны знак для Касцёла ў МанголііВізіт Святога Айца ў Манголію, безумоўна, будзе садзейнічаць прыцягненню ўвагі да прыгажосці гэтай зямлі і высакароднасці яе народа, захавальніка вельмі глыбокіх традыцый, - заўважыў кардынал Джорджыа Марэнга.

 

Апостальскі прэфект Улан-Батара падкрэсліў, што афіцыйная навіна пра візіт Францішка ў Манголію, які пройдзе з 31 жніўня па 4 верасня 2023 года, “вельмі важная” і была прынята з “глыбокай радасцю”. Пілігрымка Святога Айца стане “важным знакам для Касцёла ў Манголіі”, знакам яго ўвагі і блізкасці да невялікай і маладой каталіцкай супольнасці ў гэтай азіяцкай краіне, - дадаў кардынал Марэнга.

 

“Гэту блізкасць мы ўжо ўсведамлялі, бо Папа заўсёды мае асаблівую ўвагу да перыферый свету, як асаблівых месцаў сведчання. Але прысутнасць Наступніка святога Пятра побач з намі – гэта сапраўдная падтрымка для ўсіх вернікаў і місіянераў”, - сказаў ён.

 

Іерарх распавёў, што Апостальская прэфектура Улан-Батара ахоплівае ўсю тэрыторыю Манголіі і налічвае каля 1500 мясцовых католікаў, да якіх можна дадаць таксама замежных работнікаў і дыпламатаў, прысутных у гэтай краіне. Місійная супольнасць складаецца з 75-ці місіянераў і місіянерак 27-мі нацыянальнасцей, якія прадстаўляюць 10 манаскіх кангрэгацыі. Служэнне нясуць 29 святароў, 2 з якіх мясцовыя. Дзейнічаюць дзевяць каталіцкіх месцаў культу.

 

“Касцёл у Манголіі – бедны і маленькі, нас мала, у нас не так шмат рэсурсаў”, - сказаў кардынал Марэнга, дадаючы, што ў невялікіх супольнасцях існуе моцная, глыбокая ўзаемная ўвага і братэрства, якое нагадвае пра першыя хрысціянскія супольнасці.

 

Людзі, якія адведваюць Касцёл у Манголіі, звяртаюць увагу на адчуванне “духоўнай свежасці”, прысутнае там, - сказаў Апостальскі прэфект Улан-Батара, падкрэсліваючы, што візіт Папы стане для мясцовай каталіцкай супольнасці сапраўдным благаслаўленнем, асабліва для шматлікіх місіянераў, якія працуюць у гэтай краіне, удалечыні ад увагі ўсяго свету, прысвячаючы сябе людзям, што жывуць тут.

 

Аляксандр Панчанка – Vatican News


7.06.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier