Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Кардынал Канталамеса: мы збаўлены не болем, а любоўю Хрыста  


Кардынал Канталамеса: мы збаўлены не болем, а любоўю ХрыстаБог ёсць любоў – тэма трэцяга велікапоснага казання, з якім прапаведнік Папскага дома звярнуўся да Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі 17 сакавіка 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

 

Трэцяе казанне будзе цалкам прысвечана Богу, - абвясціў кардынал Раньера Канталамеса, дадаючы, што тэалогія, альбо вучэнне пра Бога, не можа заставацца ў баку ад Сінода, як і ад любога іншага важнага моманту ў жыцці Касцёла. “Без тэалогіі вера лёгка пераўтварылася б у мёртвае паўтарэнне, ёй не хапала б галоўнага інструмента для інкультурацыі”, - лічыць прапаведнік.

 

Каб выканаць гэтую задачу, тэалогія патрабуе глыбокага абнаўлення. Народ Божы мае патрэбу ў такой тэалогіі, якая б не разважала пра Бога ў філасофскіх катэгорыях, зразумелых толькі вузкаму колу прысвечаных. Але дзе ж знайсці тэалогію, якая б абапіралася больш на Cвяты Дух, чым на катэгорыі чалавечай мудрасці? - запытаў кардынал Канталамеса, адказаўшы, што для гэтага неабходна звярнуцца да так званых факультатыўных прадметаў: да духоўнай тэалогіі і пастырскай тэалогіі.

 

Прапаведнік перакананы, што ў веры няма нічога, што немагчыма было б зразумець любому розуму, адкрытаму на праўду. Айцы Касцёла вучаць нас, што можна быць адначасова глыбокім і зразумелым. Святы Грыгорый Вялікі лічыў Святое Пісанне “простым і глыбокім, як рака, у якой ягня можа хадзіць, а слон плаваць”. На думку кардынала Канталамесы, тэалогія можа чэрпаць натхненне ў гэтай мадэлі. Кожны можа знайсці ў Евангеллі “хлеб па сваіх зубах”: просты чалавек – простую ежу, адораны чалавек – вытанчаную страву. “Не кажучы ўжо пра тое, што малым часта раскрываецца тое, што застаецца схаваным ад мудрых і разумных”, - дадаў іерарх.

 

Паводле італьянскага капуцына, кожнае чалавечае сэрца прагне пачуць выдатнейшую навіну: Бог любіць цябе! Упэўненасць у гэтым павінна развеяць іншую думку: Бог судзіць цябе! Урачыстыя словы святога Яна Бог ёсць любоў павінны суправаджаць любую хрысціянскую дзейнасць, - лічыць прапаведнік.

 

Гаворачы пра Святы Дух, мы ў першую чаргу ўяўляем яго, як святло, якое прасвятляе нас у розных сітуацыях і прапануе нам правільныя рашэнні. Значна радзей мы думаем пра Святы Дух як пра любоў, але менавіта ў гэтай праяве Святога Духа мае патрэбу Касцёл, - зазначыў кардынал Канталамеса, які ў сваім казанні пажадаў паказаць, як адкрыццё Бога любові асвятляе новым святлом галоўныя таямніцы веры: Тройцу, уцелаўленне і мука Хрыста.

 

Разважаючы пра Тройцу, прапаведнік запытаў: “Чаму мы, хрысціяне, верым у адзінага і трыадзінага Бога?” Ён прыгадаў, што часам у краінах з ісламскім большасцю, напрыклад, у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах эмігранты-католікі раяцца з ім пра тое, што адказаць на пытанне: Чаму вы, хрысціяне, называецеся монатэістамі, калі не верыце ў аднаго Бога? “Вось што ён раіць адказваць: Мы верым у трыадзінага Бога, таму што верым, што Бог ёсць любоў. Усякая любоў - гэта любоў да каго-небудзь ці да чаго-небудзь. Любоў не бывае пустой, без аб'екта”, - сказаў італьянскі капуцын.

 

“Каго ж любіць Бог, Які ёсць любоў. Сусвет? Чалавецтва? Тады гэтай любові было б усяго некалькі дзясяткаў мільярдаў гадоў”. А каго ж любіў Бог, Які ёсць любоў, да гэтага? Бо Бог не можа змяніцца і стаць тым, чым раней не быў, - адзначыў прапаведнік. - Нікейскі сабор у 325 годзе даў такі адказ: Бог ёсць любоў, вечная любоў, таму што Ён заўсёды меў у сабе Слова, адзінароднага Сына, любімага бясконцай любоўю, якая і ёсць Святы Дух.

 

Паводле кардынала Канталамесы, гэта не тлумачыць, як адзінства можа быць адначасова Тройцай. Гэта не дадзена нам зразумець, таму што тычыцца толькі Бога. Аднак гэта дапамагае нам зразумець, чаму Бог адзінства можа быць таксама і множнасцю. Бог ёсць любоў, такім чынам, трыадзіны. Калі б Бог быў чыстымі ведамі, ці чыстым законам, ці абсалютнай уладай, то не было б неабходнасці быць трыадзіным. Гэта б толькі ўскладніла сітуацыю. “Ніводны трыумвірат і ніводная дыархія ў гісторыі доўга не доўжыліся!”, - нагадаў іерарх.

 

Хрысціяне вераць у адзінага Бога, таму яны монатэісты. Гэта адзінства аднак не матэматычнае, не лічбавае, а адзінства любові і камуніі. Бог ёсць “чысты акт” любові, з якога адначасова выцякаюць: той, хто любіць; той, каго любяць; і любоў, якая іх аб'ядноўвае, - падкрэсліў капуцын.

 

Па словах прапаведніка, самая вялікая таямніца - гэта не Тройца, а разуменне таго, што на самай справе з'яўляецца любоўю. Калі любоў з'яўляецца сутнасцю Бога, то нам не будзе дадзена цалкам зразумець, што такое любоў, нават у вечным жыцці. Аднак нам будзе дадзена нешта лепшае: не зразумець яе, а валодаць і насыціцца ёю навечна. “Нельга ахапіць акіян, але можна ўвайсці ў яго!” – патлумачыў прапаведнік.

 

Другой вялікай таямніцай, на якую звярнуў увагу кардынал Канталамеса, з'яўляецца ўцелаўленне Слова. Ён нагадаў знакамітае пытанне святога Ансельма: Чаму Бог стаў чалавекам? Яго адказ вядомы: толькі той, хто адначасова быў і чалавекам і Богам, мог адкупіць нашы грахі. Гэты адказ верны, але не адзіны магчымы, бо наша збаўленне не абмяжоўваецца толькі дараваннем грахоў, - лічыць прапаведнік.

 

Ён нагадаў словы блажэннага Дунса Скота пра тое, што Бог стаў чалавекам, таму што такой была Яго першапачатковая задума. Не дзеля таго, каб атрымаць любоў, а каб любіць самаму. Нябесны Айцец кажа пра Езуса: Ты Сын Мой умілаваны (Мк 1, 11; 9,7).

 

Толькі Айцу ў Тройцы (і ва ўсім сусвеце) не трэба быць любімым, каб існаваць, Яму трэба толькі любіць. Святы Аўгустын гаворыць пра Айца як пра таго, хто любіць, пра Сына як пра любімага, умілаванага, і пра Святы Дух як пра любоў, якая іх яднае. На думку кардынала Канталамесы, гэта тое, што “Касцёл можа прапанаваць для экуменічнага сінтэзу”. І магчыма, “поўнае прымірэнне двух тэалогій ужо не будзе здавацца такім цяжкім і далёкім, а адзначыць рашучы крок да адзінства цэркваў”, - лічыць ён.

 

Трэцяя вялікая таямніца, на якую звярнуў увагу прапаведнік, – гэта мука Хрыста, якую мы будзем святкаваць у Вялікдзень. Ці могуць негатыўныя факты, такія як язвы, крыж і боль, прывесці да станоўчага, да збаўлення чалавецтва? – запытаў ён. Праўда, на яго думку, заключаецца ў тым, што мы былі збаўлены не болем Хрыста, а яго любоўю. “Дакладней любоўю, якая праявілася ў самаахвяраванні. Укрыжаванай любоўю!” - удакладніў капуцын.

 

Пакуты Хрыста, Яго боль захоўваюць усю сваю каштоўнасць, і Касцёл ніколі не перастане разважаць пра іх, але як пра знак і дэманстрацыю любові. Гэта здымае з пакут Хрыста адценне таго, што Богу трэба заплаціць нейкі выкуп, прынесці ахвяру, каб супакоіць Яго гнеў. На самай справе, Бог сам прынёс вялікую ахвяру, аддаўшы нам Свайго сына. Бог хутчэй суб'ект, чым атрымальнік ахвяры, - лічыць Папскі прапаведнік.

 

“Што ж мяняе ў нашым жыцці ісціна, якую мы даведаліся пра таямніцы Тройцы, уцелаўлення і мукі Хрыстовай?” – запытаў прапаведнік. Мы разумеем, што далучыўшыся да Хрыста, мы таксама можам любіць Бога бясконцай любоўю, годнай Яго. Як піша святы Павел, любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя (Рым 5, 5). Тая самая любоў, якой Айцец заўсёды любіць Сына, а не якая-небудзь іншая любоў, - удакладніў кардынал Канталамеса.

 

Гэта значыць, што мы можам любіць Бога той любоўю, якой Ён любіць Сына, і мы можам любіць Езуса той любоўю, якой Ён любіць Айца, і ўсё гэта дзякуючы Святому Духу, які з'яўляецца гэтай любоўю. Ці азначае гэта, што, калі мы прызнаёмся Богу ў любові, мы проста вяртаем Яму тую любоў, якую атрымалі ад Яго, як рэха, не дадаючы нічога з нашага боку? – запытаў прапаведнік.

 

На яго думку, гэта не так. Рэха любові вяртаецца да Бога з нашага сэрца “разам з водарам нашай свабоды і нашай удзячнасці”. Гэта адбываецца падчас Эўхарыстыі, падчас малітвы. І гэта не проста дабратворная ілюзія. Прапаведнік прызнаўся, што калі ён сам моліцца, ён упэўнены, што Бог благаслаўляе яго, як Ісаак благаславіў Якуба, які выдаваў сябе за старэйшага брата. І благаслаўляе ўсіх прысутных. “У гэтым хараство хрысціянскай веры”, - лічыць прапаведнік, спадзеючыся, што “некаторыя яе фрагменты можна перадаць тым мужчынам і жанчынам нашага часу, якія прагнуць любові, але не ведаюць яе крыніцы”.

 

Марыя Валодзіна – Vatican News


17.03.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier