Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае  


У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа.


Сёньняшняе Евангельле прапануе нам паразважаць пра адносіны да матэрыяльных рэчаў гэтага сьвету і … да людзей. І гэта, натуральна, зьвязана паміж сабой, бо рэчы засланяюць часам нам бліжніх, таму Хрыстос ставіць радыкальнае пытаньне – што для мяне зьяўляецца больш каштоўным? Амаль кожны з нас легкадумна адразу адкажа – зразумела, што жывы чалавек даражэйшы за мёртвыя рэчы. А калі справа ідзе пра мой дабрабыт і ўтульнасьць, а з іншага боку выступае нейкі неахайны бомж? Ці можа ўвогуле чалавек адначасова быць вельмі багатым і зьяўляцца сапраўдным хрысьціянінам? Кожны мусіць сабе адказаць на гэтае пытаньне, хоць, можа, і ня мае пакуль матэрыяльнага багацьця, бо ад гэтага залежыць, куды будуць скіраваныя ягоныя памкненьні, а “дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае” (Мф 6, 21).

Для выразнасьці ў прыповесьці абраныя два процілеглыя персанажы – багач і жабрак. Адзін мае столькі, што можа выдатна баляваць штодзённа, другі – нічога (адсюль расейскае слова – “нищий”). Аднак у Хрыста іншы погляд – адзін застаецца безымянным (што ў юдэйскай традыцыі азначае – бясплодным), іншы – названы Лазарам (з юд. – “дапамога Божая”). Таму калі мы не дапаможам патрабуючаму, гэта “нашая праблема” – мелі ад Бога і не падзяліліся з яго дзецьмі, а жабраку Госпад дапаможа ў іншы спосаб.

Сюжэт пра пасьляжыцьцёвую долю персанажаў кажа не пра прымітыўную раўнавагу дабра і зла. Багацьце і беднасьць ня робяць аўтаматычна грэшнікам ці праведным. Лазар патрапіў у рай, таму што быў “ціхім і пакорным сэрцам”, а не экспрапрыятарам-забойцам. А багач ня можа перайсьці да Валадарства Божага, бо бездань, якая перашкаджае яму, зробленая ім самім пры жыцьці – так старанна ён адгарадзіўся ад такіх, як Лазар… Кожны з нас валодае дарамі Божымі, не матэрыяльнымі, дык духоўнымі. Яны аддаляюць нас ці набліжаюць да патрабуючых і праз іх – да Бога?

Хрысьціянства ня ёсьць мёртвай формай, трэба шукаць новых метадаў евангелізацыі. Але ня трэба бачыць ў гэтым панацэю – сучасны чалавек ведае пра Хрыста (“маюць Майсея і прарокаў”), а не жыве згодна Ягоных словаў і навукі Царквы, бо так зручней, таму “калі б хто з памерлых уваскрос, не павераць” (Лк 16,31). Гэтыя словы адносяцца і да хрысьціянаў, да адпаведнасьці нашага жыцьця нашай веры – для нас Хрыстос уваскрос, а ці жыву я па ягоных запаведзях, ці ўкрыжаваны для мяне гэты сьвет (пар. Гал 6, 14), ці праяўляецца ўва мне новае стварэньне? Хай усе гэтыя пытаньні сёньня дапамогуць нам убачыць сябе і навакольны сьвет у сьвятле Евангельля.

Амінь.

Аўтар - А. Васіль Ягораў.

10.10.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier