Пошук

Каляндар

 

Ва ўспамін благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі распачынаецца навэнна малітвы аб заканчэнні вайны ва Украіне  


Ва ўспамін благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі распачынаецца навэнна малітвы аб заканчэнні вайны ва Украіне15 лютага распачынаецца навэнна малітвы ў інтэнцыі заканчэнні вайны і ўсталяванні справядлівага міру ва Украіне. Яна завершыцца 24 лютага малітоўным чуваннем і святой Імшой ва Усеўкраінскім санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Бярдычаве.


Гэтая малітоўная ініцыятыва таксама сугучная «Году міру і стварэння», які абвешчаны сёлета ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Навэнна распачынаецца ва ўспамін благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, нашага земляка, які разам са святой сястрой Фаўстынай Кавальскай стаў Апосталам Божай Міласэрнасці.

На працягу дзевяці дзён, з 15 па 23 лютага гэтага года, будзем маліцца Літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.

Біскупы Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне заахвоцілі ўсіх людзей добрай волі далучыцца да малітвы да Пана, «каб сваёю каштоўнаю і нявінна пралітаю Крывёю Ён абмыў грахі чалавецтва і даў нам паратунак ад вайны і вечнай пагібелі».

 

Каталіцкія біскупы Беларусі падтрымалі ініцыятыву ўкраінскіх сабратоў і ў адмысловым Паведамленні запрасілі духавенства, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў нашай краіны да малітвы за пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі і Сірыі, а таксама ад войнаў у розных частках свету.

 

«Заахвочваем усіх вернікаў і людзей добрай волі па меры сваіх магчымасцяў далучыцца да гэтай малітвы за ўсіх пацярпелых, іх родных, за загінулых як у гэтым землятрусе, так і падчас ваенных дзеянняў ва Украіне і ў іншых частках свету, а таксама за ўрачоў, ратаўнікоў і за ўсіх тых, хто прыкладае намаганні, каб выправіць наступствы трагедыі ў Турцыі і спыніць кафлікты, якія адбываюцца ў свеце»,— напісалі біскупы Касцёла на Беларусі.

 

Такім чынам яны заклікаюць усіх далучыцца да закліку Святога Айца Папы Францішка, які просіць кожнага чалавека ахапіць малітвай і праявіць салідарнасць з ахвярамі трагедый на пацярпелых тэрыторыях, а таксама тэрыторыях, змучаных вайной, аддаючы іх апецы Багародзіцы: «Прыйшоў час для спагады, прыйшоў час для салідарнасці.

 

Хопіць нянавісці, хопіць войнаў і падзелаў, якія вядуць да самазнішчэння. Давайце аб’яднаемся ў болю, давайце дапаможам тым, хто пакутуе ў Турцыі і Сірыі, давайце будаваць мір і братэрства ў свеце»,— напісаў Святы Айцец у сваім Твітары (гл. Twitter @Pontifex).

 

Пантыфік рэгулярна звяртаецца да вернікаў і ўсіх людзей добрай волі, заклікаючы іх няспынна маліцца і рабіць усё магчымае для таго, каб у змучанай вайной Украіне як мага хутчэй настаў такі жаданы мір.

 

Паводле Catholic.by


15.02.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier