Пошук

Каляндар

 

У Празе, дзе завяршылася першая частка кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, з моцай прагучаў голас беларускага Касцёла  


У Празе, дзе завяршылася першая частка кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, з моцай прагучаў голас беларускага Касцёла9 лютага ў Празе (Чэхія) завяршылася першая частка еўрапейскага кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці ў Касцеле, у якой узялі ўдзел 156 дэлегатаў з еўрапейскіх епіскапатаў і 44 госці, запрошаныя Радай Канферэнцыяй Біскупаў Еўропы.


Дэлегаты ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскпаў у Беларусі на Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB падзяліліся з Catholic.by сваімі ўражаннямі пасля завяршэння першага этапу сустрэчы ў Празе.

 

У Празе, дзе завяршылася першая частка кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, з моцай прагучаў голас беларускага КасцёлаУ Празе, дзе завяршылася першая частка кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, з моцай прагучаў голас беларускага КасцёлаУ Празе, дзе завяршылася першая частка кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, з моцай прагучаў голас беларускага КасцёлаСтаршыня Сінадальнай камісіі пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі перадусім выказаў радасць ад магчымасці ў якасці прадстаўніка Каталіцкага Касцёла ў Беларусі браць удзел у кантэнентальным этапе Сіноду. «Для мяне гэтыя дні супольнага слухання і дыялогу стварылі вельмі карысную для адкрытага дыялогу атмасферу.

 

Яны далі магчымасць не толькі даведацца штосьці пра іншых, але сталі своеасаблівым духоўным досведам, у якім кожны вучыўся слухаць і разумець другога, прымаць яго такім, якім ён ёсць.

Вельмі ўразіла непасрэднасць і шчырасць у выказваннях удзельнікаў асамблеі як падчас працы ў групах, так і на пленарным пасяджэнні. Свецкія вернікі, мужчыны і жанчыны, выказалі радасць ад таго, што ўпершыню яны былі выслуханыя на такім высокім узроўні і іх голас быў пачуты.

 

Супольная праца свецкіх, прэзбітэраў, манаскіх асоб і пастыраў зрабіла магчымым дыялог паміж усімі членамі містычнага цела Хрыста, гэта значыць Касцёла. Гэтая праца суправаджалася не толькі шчырасцю і радасцю, але таксама сутыкалася з пэўнымі цяжкасцямі і праблемамі. Аднак дзякуючы ўсім гэтым момантам мы мелі магчымасць паглядзець на еўрапейскі Касцёл як на адно цэлае з яго разнастайнасцю і прыгажосцю, улічваючы ў ім розныя традыцыі Усходу і Захаду.

 

Асабіста я радуюся таксама таму, што менавіта прапанова ККББ аб арганізацыі сінадальнай фармацыі як духоўных асоб, так і свецкіх вернікаў з мэтай умацавання жыццяздольнасці і эфектыўнасці гэтага працэсу ва ўсіх вымярэннях касцёльнага і хрысціянскага жыцця, была ўключана сёння ў працоўны дакумент, які старшыні еўрапейскіх канферэнцый біскупаў абмяркуюць падчас другой часткі кантынентальнага этапу»,— падкрэсліў біскуп Яшэўскі.

 

Падчас прадстаўлення і абмеркавання апошняй рэдакцыі дакумента на пленарным пасяджнні беларускі іерарх, звяртаючыся да ўдзельнікаў, выказаў, са свайго боку, занепакоенасць тым, што ў дыскусіі на тэму фінальнай рэдакцыі дакументу існуе шмат няясных і размытых фармулёвак. «Калі ў тэксце мы выкарыстоўваем выраз „ёсць галасы“ па некаторых пытаннях, асаблівым чынам дзе ёсць разыходжанні ў меркаваннях, варта ўдакладняць, ці гэта паасобныя галасы з мясцовых Касцёлаў альбо ад прысутных на Сінодзе дэлегатаў, запрошаных гасцей, ці гэта меркаванне большасці ўдзельнікаў. Без дакладнага і яснага сфармулявання, асаблівым чынам тады, калі гаворка ідзе пра святарскае пасвячэнне жанатых мужчын, а таксама пра пасвячэнне жанчын, дакумент прадстаўляецца як маніпуляцыя і не з’яўляюцца меркаваннем большасці. Таму заклікаю адказных за сінадальны працэс, каб на ўсіх яго этапах пазбягаць выкарыстанне агульных і размытых выказванняў і фармулёвак, асабліва на дактрынальныя тэмы», — узняў свой голас прадстаўнік беларускага епіскапату на Сінодзе Біскупаў.

 

«Мы распачалі другі этап, кантынентальны этап Сіноду па тэму сінадальнасці, але яшчэ і сёння цяжка зразумець, у якім кірунку ідзе гэты Сінод, ці ён пастырскі, дактрынальны, антрапалагічны ці ідэалагічны Сінод?»— задаўся пытаннем біскуп Яшэўскі.

 

Яго паплечнік ксёндз Віктар Гайдукевіч, са свайго боку, выказаў удзячнасць беларускаму епіскапату за давер і магчымасць разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім быць у складзе беларускай дэлегацыі на такім высокім узроўні.

 

«Для мяне гэта вельмі цікавы і карысны вопыт, бо з’яўляецца своеасаблівым працягам працы на карысць сінадальнасці, якую мы распачалі ўжо ў Беларусі.

 

Перажываючы гэтыя дні разам з іншымі ўдзельнікамі Сіноду, асаблівым чынам з адказнымі на розных узроўнях, дзякуючы шматлікім размовам, працы ў групах і на пленуме ўдалося лепш усвядоміць, які вялікі патэнцыял мае ў сабе гэты працэс для сучаснага Касцёла, калі ў ім цэнтрам і рухаючай сілай будзе Езус Хрыстус, пра што неаднаразова падкрэслівалася як адказнымі, так і большасцю ўдзельнікаў Сіноду.

 

Адначасова хачу таксама заўважыць, што ў межах гэтага працэсу сустракаюцца паміж сабою розныя культуры, традыцыі, менталітэты. З аднаго боку, усё гэта ўяўляе сабою багацце еўрапейскага Касцёла, а з другога боку, ставіць увесь сінадальны працэс перад вельмі складанай і шматграннай задачай, якую трэба вырашыць, і дзе не павінна быць пераможцаў і прайграўшых, а будзе створана, адпаведна з мясцовымі ўмовамі, агульная сінадальная платформа для далейшых разважанняў. Такі Сінод — гэта толькі пачатак, і нельга праз два ці тры гады чакаць канкрэтных вынікаў: гэта шлях, гэта працэс, у які вернікі ў розных краінах з рознай хуткасцю ўключаюцца і, як гэта неаднойчы прагучала з вуснаў удзельнікаў, жадаюць, каб такія сустрэчы сталі рэгулярнымі», — адзначыў святар.

 

Падчас прэзентацыі дакумента на завяршэнне першай часткі кантынентальнага этапу Сіноду ксёндз Віктар Гайдукевіч, выступаючы на пленуме і працгваючы думку біскупа Яшэўскага адносна таго, каб пазбегнуць пэўных маніпуляцый, скіраваў просьбу да адказных за кантынентальны этап Сіноду.

 

«На працягу ўсёй нашай сустрэчы, калі мы пачулі шматлікія выступленні з розных краін, якія вельмі часта былі нават супярэчлівымі, калі назбіралася вялікая колькасць вынікаў працы ў групах, а таксама беручы пад увагу шматлікія выступленні ўдзельнікаў на пленуме, сёння мы маем выніковы дакумент.

 

Удзельнікі Сіноду маюць права ведаць, у адпаведнасці з якімі крытэрыямі і працэдурамі з усяго гэтага атрымаўся гэты выніковы дакумент»,— выказаў сваё абгрунтаванае меркаванне ксёндз Віктар Гайдукевіч.

 

Паводле Catholic.by


12.02.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier