Пошук

Каляндар

 

ЭКЗАРХ АНТОН НЕМАНЦЭВІЧ  


ЭКЗАРХ АНТОН НЕМАНЦЭВІЧ*8.02. 1893 --- +6.01. 1943

 

6 студзеня 2023 году споўняецца 80 гадоў з дня мучаніцкай смерці айца Антона Неманцэвіча, Апостальскага экзарха беларускіх грэка-католікаў.

 

Пакліканне

 

Нарадзіўся айцец Антон Неманцэвіч далёка ад сваёй радзімы – у Санкт-Пецярбургу 8 лютага 1893 году. Ягонымі бацькамі былі Ян і Вікторыя, якія прыехалі туды з вёскі Парчоўцы (з ваколіцаў Саколкі, недалёка ад Беластоку). У Санкт-Пецярбургу Антон скончыў прыватную каталіцкую гімназію св. Кацярыны ды абраў не лёгкую святарскую дарогу.

Пасля заканчэння ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі і святарскіх свячэнняў (27 верасня 1915 г.) новасвятар Антон паступіў у Мітрапалітальную Духоўную Акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу. У тым самым годзе а. Антон, свядомы сваёй нацыянальнай прыналежнасці, далучаецца да беларускага кола, якое існавала пры Акадэміі. Тут ён разам з аднадумцамі паглыбляе свае веды пра Бацькаўшчыну. Знакава, што на адным з пасяджэнняў гэтага клуба ён робіць даклад пра Берасцейскую Унію, якой ужо ў тыя часы шчыра цікавіцца.

Не хутка аднак а. Антон вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб працаваць на карысць Богу і еднасці Цэркваў. Адбылося гэта толькі ў 1929 годзе. (Перад гэтым ён паспеў двойчы, у 1919 і 1921 гадах, пабываць у савецкіх астрогах за, як тады казалі, "занадта актыўную рэлігійную дзейнасць"). Па накіраванню мітрапаліта Эдуарда Роппа святар Антон выязджае на вучобу ў Рым, дзе ў 1925-1927 гадах вучыцца ў Папскім Усходнім Істытуце. Там ён абараняе доктарскую працу і вяртаецца ў Польшчу.

Пасля году выкладчыцкай дзейнасьці ў Любліне ў Каталіцкім Універсітэце ды Місійным Інстытуце, а. доктар Антон Неманцевіч у 1929 годзе вяртаецца на сваю Айчыну ў прыгарад Слоніма, Альбярцін. У Альбярціне ён уступае ў навіцыят айцоў-езуітаў усходняга абраду.

 

Добры пастыр і сведка Евангелля

 

У жыцці і душпастырстве а. Антон карыстаўся прынцыпам, які стаўся яго сваеасаблівым дэвізам: «Наш абавязак адносна Бога – Яму служыць, а не Ім паслугоўвацца». Ня гледзячы на розніцы ў веравызнанні ці палітычных поглядах ён быў пакорным слугою для ўсіх сваіх суайчыннікаў. Ягоным вялікім ідэалам была з'яднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр ён імкнуўся да гэтага ідэалу праз будаванне братэрскіх адносінаў з праваслаўнымі. У такім духу актыўна ўдзельнічаў ён у Пінскіх Унійных Канферэнцыях (1935, 1937). Падставаю працы для еднасці хрысціянаў была для а. Антона толькі супольная любоў, што ён і ажыццяўляў у душпастырскім служэнні. Падчас першых месяцаў нямецкай акупацыі экзарх Антон наведваў лагеры ваеннапалонных савецкіх салдатаў у ваколіцах Слоніма, нават тады, калі там лютавала эпідэмія тыфу, а ягоны таварыш у гэтых візітах айцец Ян Гермацюк, заразіўшыся, памёр. Аднак найбольш блізкай была для айца Антона праца для беларусаў і па-беларуску. Акрамя беларускамоўнага часопіса «Да Злучэння», (які ў 1936 г. быў забаронены польскімі ўладамі), а. Антон арганізаваў рэлігійныя гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла па-беларуску.

На пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў прызначаны 17 верасьня 1940 г. грэка-каталіцкім мітрапалітам Андрэям Шаптыцкім, які дзейнічаў ад імя Папы Рымскага. На гэтай пасадзе Папа Пій ХІІ 22 лістапада 1941 г. пацвердзіў а. Антона Неманцэвіча як Апостальскага Адміністратара. Ужо як экзарх ён заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».

Падчас яго дзейнасці беларуская мова ўпершыню ў гісторыі Царквы ў Беларусі сталася афіцыйнай у царкоўным жыцці.

 

Царквавораг нацызму

 

Экзарх Антон жыў і працаваў у часы нямецкай акупацыі. Пасля паездкі ў Львоў па царкоўных справах да мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага 4 ліпеня 1942 году Беларускі экзарх Антон Неманцэвіч быў арыштаваны гестапа ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне і дастаўлены ў Мінск. Сутыкненне з акупацыйнымі ўладамі было непазьбежным. Каб накрэсліць у некалькіх сказах стаўленне нацыстаў да Каталіцкай Царквы, дастаткова тут зацытаваць словы шэфа мінскага СД Эдварда Штраўха, якія ён прамовіў 10 красавіка 1943 году:

 

"Без сумнівуЦарква гэта наш вораг. Натуральна, Царква хоча папоўніць тут свае страты, якія яна зазнала ў Эўропе, а асабліва ў Райху. Яна мела намер гэта зрабіць праз пранікненне да праваслаўнае Царквы, акольным шляхам праз Уніяцкую Царкву [...]. Умовы для яе былі спрыяльныя, і Рыма-каталіцкая Царква прыйшла сюды з вялікай колькасцю прапаведнікаў і не сустрэла вялікіх цяжкасцяў [...]. Таму аднадушна мы вырашылі спыніць тут гэтую Рыма-каталіцкую Царкву [...]. Паколькі большасць духавенства прыняло бок палякаў, мне удалося іх злавіць і скончыць з імі" (Э. Ярмусик, "Католический костёл на Беларуси в годы второй мировой войны", ст. 227-228).

 

Для нямецкіх нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасьць каталіцкіх святароў абодвух абрадаў, а ў асаблівы спосаб святароў грэка-каталіцкіх, з'яўлялася небяспечнай. Вось чаму і лічылі яны Царкву сваім ворагам. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што пакорны і руплівы сведка Евангельля экзарх Антон Неманцэвіч стаў «пагрозай» для магутнай, антычалавечай нацысцкай сыстэмы.

Недаследваным аспектам гераічнага служэння Альбярцінскай Місіі езуітаў Антона Неманцэвіча застаецца дапамога якую экзарх Антон (разам з а. Эдуардам Штаркам і Манахінямі Беззаганнай Дзевы Марыі) пераследаваным нацыстамі яўрэям у Слоніме.

 

Мучаніцкі подзвіг

 

6 студзеня 1943 г. ў шпіталі нацысцкай турмы СД адышоў у вечнасць Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Антон Неманцэвіч. У архіўным дакуменце сцверджваецца: «З меркаванняў паліцыі бяспекі Неманцэвіч мусіў быць пераведзены са Слоніма ў Мінск. 30.11.1942 г. ён захварэў на сыпны тыф. [...] Зважаючы на значэнне ягонай асобы, ён быў дастаўлены ў штабкватэру паліцыі бяспекі СД Беларусі. Тут ён памер 6.01.1943 г. ад сардэчна-сасудыстай недастатковасці, якая наступіла пасля сыпнога тыфу» .

Аднак а. Леў Гарошка, сведчыць, што а. Антон хварэў на тыф яшчэ ў дзяцінстве і таму меў на яго імунітэт! Таму можна згадзіцца з перакананнем а. Льва, што нямецкія нацысты проста спрабавалі схаваць такім чынам забойства (якое ўчынілі праз катаванне) а. Антона, які быў актыўным душпастырам і высокім царкоўным іерархам. У кожным выпадку можна казаць пра ягонае мучаніцтва ex aerumnis carceris (вычарпанне ў варунках вязніцы).

Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Антон (Неманцэвіч) быў пахаваны 9 студзеня 1943 году на нямецкіх лютэранскіх могілках у Мінску святаром мясцовай праваслаўнай Царквы.

 

Гераічнае сведчанне жыцця, нястомнага служэння і мужнага мучаніцтва Экзарха Антона застаецца для беларускіх грэка-католікаў каштоўнай духовай спадчынай – крыніцай любоўі да Хрыста, Царквы і Беларусі, асабліва ў 130-ты год яго нараджэння і 80-ты год ягонага мучаніцтва.

а. Андрэй Буйніч, партрэт працы Ганны Цімашук


8.02.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier