Пошук

Каляндар

 

Распачаў працу сайт Еўрапейскай асамблеі Кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў  


Распачаў працу сайт Еўрапейскай асамблеі Кантынентальнага этапу Сіноду БіскупаўУ сеціве распачаў працу сайт, створаны спецыяльна для асвятлення пасяджэння Еўрапейскай асамблеі Кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, якая пройдзе ў сталіцы Чэхіі Празе з 5 па 9 лютага.


Сайт prague.synod2023.org, які з’яўляецца афіцыйнай крыніцай інфармавання грамадскасці пра падзеі Еўрапейскай асамблеі Сіноду, даступны на англійскай і італьянскай мовах. Як паведамляецца на партале Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы ccee.eu, на новаствораным рэсурсе можна знайсці абноўленую праграму сустрэчы і іншую актуальную інфармацыю адносна Еўрапейскай асамблеі Сіноду. Сайт паступова дапаўняецца новымі матэрыяламі.

 

Штодзённа з 5 па 9 лютага на ім будзе даступная фотагалерэя і кароткае падсумаванне кожнага дня працы ўдзельнікаў сустрэчы ў Празе. На сайце таксама можна будзе сачыць за працаю ў рэжыме анлайн, пасля чаго відэа плануецца змяшчаць на канале Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў YouTube.

 

Падчас Еўрапейскай асамблеі Сіноду непасрэдна ў месцы правядзення сустрэчы — гатэлі «Піраміда» ў Празе — будзе дзейнічаць прэс-цэнтр для акрэдытаваных журналістаў. Будзе таксама працаваць шматмоўная група падтрымкі для прэсы.

 

Непасрэдна пасля завяршэння асамблеі ў сталіцы Чэхіі пройдзе пасяджэнне Старшыняў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў еўрапейскага кантынэнта. Прысутнасць прадстаўнікоў СМІ на ёй не прадугледжана. Пасля заканчэння сустрэчы будзе апублікаваны прэс-рэліз.

 

Як паведамлялася раней, Касцёл у Беларусі на Еўрапейскай асамблеі Кантынентанльнага этапу Сіноду Біскупаў прадставяць Старшыня Сінадальнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, адзін з супрацоўнікаў згаданай Сінадальнай камісіі. Біскуп Яшэўскі ад імя Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча таксама возьме ўдзел у пасяджэнні Старшыняў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў еўрапейскага кантынэнта.

 

Паводле Catholic.by


3.02.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier