Пошук
Нядзельнае казаньне
субота
САКАВІКА |
Казаньні і гаміліі
Пасеянае зерне
У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа. Сёньня чуем ад Ісуса Хрыста не толькі прыповесьць пра пасеянае зерне, але і яе тлумачэньне. Таму нам застаецца дастасаваць гэтыя вобразы да сёньняшняга часу, да свайго жыцьця. І паразважаць – як мы прынялі Слова Божае ў сваёй душы, як мы цяпер ставімся да дабравесьця Хрыстовага? Большасьць з нас паверылі ў Хрыста ў сталым узросьце, калі мы былі дарогай, па якой гуляў вецер няпэўнасьці і разгубленасьці, ці абыякавасьці і тымчасовасьці. Тады мы можа і чулі (слыхалі) “пра нейкага Хрыста”, але не слухалі Сына Божага. Жыцьцё нашае з таго часу перамянілася, хаця гэта не заўсёды кідаецца ў вочы. Нам ужо нялёгка ўявіць сябе бяз Хрыста. Таму трэба ашчадна ставіцца да такой каштоўнасьці – быць пакліканым самім Богам да ўрадлівасьці ў Ягоным вінаградніку. Параўнаньне з камяністай глебай нагадвае нам пра нашыя адносіны да Хрыстовых словаў. Каб семя прынесла плод, яно павінна мець глыбокае і моцнае карэньне. Так і Словам Божым павінна быць прасякнута ўсё нашае быцьцё ва ўсёй паўнаце. Кожнае наша дзеяньне і кожнае слова мусіць быць згодным з Евангельлем. Семя Божага Слова, каб не засохнуць у часе спакусы, павінна добра ўкараніца ў нашай душы. Для гэтага трэба нам уважліва прымаць УСЕ Словы Божыя, а не толькі зручныя для нас. І калі надыдуць цяжкія выпрабаваньні, якія зьнішчаць, здавалася, усё дрэва нашай веры, застануцца моцныя жывыя карэньні, якія ў свой час зноў зазелянеюць. Калі мы ёсьць у Царкве, то звычайна большую небясьпеку для нас уяўляе церне жыцьцёвых клопатаў і насалодаў, якое пастаянна заглушае Слова Божае. Тады мы ўжо ня чуем яго, яно хаваецца ў закутках нашай сьвядомасьці і не здольнае прынесьці плён. Нельга служыць Богу і мамоне, немагчыма ўвайсці ў Валадарства Божае, служачы князю гэтага сьвету. Таму і сьпяваем на Літургіі: “…адложым цяпер усе жыцьцёвыя клопаты”. Кожны вернік павінен пастаянна рабіць іспыт свайго сумленьня – якія расьліны ў ягонай душы, ці не перашкаджаюць яны “паўнаце меры Хрыстовай”? Мець адвагу і рашучасьць для “праполкі” свайго жыцьця – гэта сапраўднае цярпеньне, якое спадарожнічае кожнаму хрысьціяніну. У сваёй глыбокай сутнасьці, творчасьць і плоднасьць ёсьць Божымі азнакамі. Чалавек можа прынесьці сапраўдны плён толькі ў супрацоўніцтве (сінэргіі) з Богам. “Нашай справай” будзе ачышчэньне сэрца, захаваньне ў добрым, шчырасьць да бліжняга і давер да Бога (пар. Лк 8,15). Тады Хрыстовае слова прынясе шчодры плён, бо Ён “добры і чалавекалюбец”. Хто мае вушы – хай пачуе! Амінь. Аўтар - А. Васіль Ягораў |
3.10.2008
|