Гендарная тэорыя сур'ёзна супярэчыць чалавечай прыродзе і мае глыбокія наступствы для абвяшчэння асноў хрысціянскай веры, падрываючы ролю бацькі, маці, сужэнства і адносін паміж дзецьмі і бацькамі, - лічыць кардынал Вілем Эйк.
Прымас Нідэрландаў падкрэсліў, што тэрмінова неабходны дакумент, які дакладна вызначыць канцэпцыю Каталіцкага Касцёла ў гэтай справе. Ён прапанаваў тут папскую энцыкліку, у якой будзе афіцыйна адкінута памылковая антрапалогія, што ляжыць у аснове гендарнай тэорыі.
Іерарх ужо абмяркоўваў гэта з Папам падчас візіту ad limina нідэрландскага епіскапату і звярнуўся з афіцыйным запытам у Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Цяпер ён напісаў пра неабходнасць дакумента па гэтай праблематыцы ў адкрытым лісце, дзе тлумачыць асноўныя небяспечныя моманты гендарнай тэорыі, якія вынікаюць з памылковай антрапалогіі, што ляжыць у яе аснове. Ён звярнуў увагу на тое, што католікі павінны атрымаць ясную і выразную пазіцыю Касцёла, каб свядома супрацьстаяць ідэалогіі, якую прасоўваюць міжнародныя арганізацыі, такія як ААН.
Прымас Нідэрландаў прызнаў, што ролі жанчын і мужчын могуць змяняцца пад уплывам сацыяльна-культурных фактараў, але немагчыма цалкам аддзяліць тое, як асобныя полы выяўляюць сябе ў супольнасці, ад іх біялагічнай сексуальнасці.
Ён звярнуў увагу на тое, што гендарная тэорыя мае сур’ёзныя наступствы для абвяшчэння асноў хрысціянскай веры, падрываючы ролю бацькі, маці, сужэнцаў, сужэнства і адносін паміж дзецьмі і бацькамі.
Кардынал Эйк нагадаў, што хоць папскае вучэнне адмаўляе гендарную тэорыю, гэта толькі фрагментарныя і несістэматызаваныя заявы. Бэнэдыкт XVI асудзіў гендарную тэорыю ў прамове перад Рымскай курыяй у снежні 2012 года. Францішак назваў гендар адной з галоўных праяў зла ў сучасным свеце. Фактычна гэта тэорыя з’яўляецца атакай на іншасць, на крэатыўнасць Бога, Які хацеў стварыць чалавека як мужчыну і жанчыну.
***
Кардынал Вілем Якабус Эйк, арцыбіскуп Мітрапаліт Утрэхта, нарадзіўся 22 чэрвеня 1953 г. у Дуйвендрэхце, Нідэрланды.
Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 1 чэрвеня 1985 г. Вывучаў медыцыну і мае ступень доктара медыцынскіх біяэтычных даследаванняў і філасофіі. Ён выкладаў этыку і маральную тэалогію і працаваў у выканаўчым савеце асацыяцыі лекараў, якія выступаюць за жыццё ў Нідэрландах. Ён быў сузаснавальнікам і прэзідэнтам асацыяцыі, якая арганізоўвае канферэнцыі і публікацыі па медыцынскай этыцы. У 1997-2000 гадах уваходзіў у склад Міжнароднай тэалагічнай камісіі.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News