Пошук

Каляндар

 

Малітва аб вечным супакоі для душы а. Міхала Сапеля ў першую гадавіну з дня яго адыходу ў вечнасць  


Малітва аб вечным супакоі для душы а. Міхала Сапеля ў першую гадавіну з дня яго адыходу ў вечнасць10 снежня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску трое біскупаў маліліся ў першую гадавіну адыходу ў вечнасць першага пробашча адроджанай Залатагорскай парафіі і першага дырэктара Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у Беларусі ксяндза Міхала Сапеля.


Цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі спачылага святара ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліліся арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў 1991 годзе прызначыў ксяндза Міхала Сапеля пробашчам парафіі на Залатой Горцы, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які доўгі час супрацоўнічаў з ксяндзом Міхалам, а таксама Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

 

Малітва аб вечным супакоі для душы а. Міхала Сапеля ў першую гадавіну з дня яго адыходу ў вечнасцьМалітва аб вечным супакоі для душы а. Міхала Сапеля ў першую гадавіну з дня яго адыходу ў вечнасцьМалітва аб вечным супакоі для душы а. Міхала Сапеля ў першую гадавіну з дня яго адыходу ў вечнасцьНа пачатку цэлебрацыі арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што ксёндз Міхал як служыцель Евангелля абвяшчаў людзям Божае Валадарства, і запрасіў сабраных на святой Імшы вернікаў і святароў да супольнай малітвы аб вечным жыцці для памерлага ў Валадарстве Нябесным.

 

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Касабуцкі, якому давялося дзевяць гадоў супрацоўнічаць з ксядзом Міхалам у душпастырстве на Залатой Горцы. Іерарх нагадаў важныя моманты з жыцця спачылага святара, адзначыўшы яго мэтанакіраванасць і давер да Бога ў выкананні няпростых заданняў, у многіх з якіх яму даводзілася быць першапраходцам.

 

Біскуп распавёў, як у пэўны складаны момант у яго святарскім жыцці ксёндз Міхал яго падтрымаў: «Калі за тваімі плячыма цябе абмаўляюць, і кідаюць у спіну камянямі, гэта значыць, што ты ідзеш наперадзе».

 

«Мы дзякуем Богу за дар гэтай асобы, за дар гэтага Божага служыцеля, за дар ксяндза Міхала Сапеля»,— сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі, выказаўшы надзею на новую сустрэчу ў Нябесным Валадарстве.

 

Завяршылася Эўхарыстыя супольным спевам малітвы «Анёл Панскі».

 

У дзень першай гадавіны з часу адыходу ў вечнасць ксяндза Міхала Сапеля група з некалькіх дзясяткаў вернікаў залатагорскай парафіі зладзіла пілігрымку ў Браслаў, да месца пахавання іх першага пробашча. пілігрымы памаліліся на могілках, а таксама ўзялі ўдзел у святой Імшы ў інтэнцыі памерлага святара ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў — родным касцёле ксяндза Міхала, дзе ўзрастала яго пакліканне да святарства.

 

Спачылага душпастыра ўзгадалі таксама ў Бабруйску, дзе святую Імшу ў інтэнцыі вечнага жыцця для яго цэлебраваў адзін з ягоных духоўных выхаванцаў ксёндз Канстанцін Карака.

 

Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by


12.12.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier