Пошук

Каляндар

 

Слова Апостальскага нунцыя Арцыбіскупа Антэ Ёзіча з нагоды 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь  


Слова Апостальскага нунцыя Арцыбіскупа Антэ Ёзіча з нагоды 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай БеларусьПрывітальнае слова Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча
на ўрачыстасці з нагоды 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін
паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь


Мінск, 11 лістапада 2022 г.


Ваша Эксцэленцыя Сяргей Фёдаравіч Алейнік, Першы намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь;

Ваша Эксцэленцыя Аляксандр Аляксеевіч Румак, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь,

Ваша Эксцэленцыя біскуп Алег Буткевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі;

Паважаныя Арцыбіскупы, Біскупы і калегі дыпламаты;

Паважаныя супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў і іншых органаў дзяржаўнай улады,

Паважаныя прадстаўнікі традыцыйных канфесій і рэлігій;

Дарагія святары, браты і сёстры;

Дамы і спадары!

 

Для мяне вялікі гонар і радасць вітаць Вас на святкаванні 30-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь.

 

Нягледзячы на тое, што афіцыйныя дыпламатычныя адносіны звязваюць Ватыкан і Беларусь толькі тры дзесяцігоддзі, яны сталі натуральным працягам тых сувязяў, якія ўзніклі на золку гісторыі вашага ўмілаванага народа і на працягу стагоддзяў развіваліся і ўмацоўваліся. Хрысціянства прыйшло на зямлю Беларусі ў Х стагоддзі, яшчэ да падзелу на праваслаўны Усход і каталіцкі Захад.

 

Першыя хрысціянскія місіянеры на беларускай зямлі былі духоўнымі паслядоўнікамі вялікіх падзвіжнікаў — святых славянскіх асветнікаў Кірылы і Мятода, якія ажыццяўлялі сваю місію ў адзінстве з Рымскім Пантыфікам і па яго благаслаўленні.

 

У XVI стагоддзі манахі бэрнардыны, або францішкане, неслі святло Евангелля асобным народнасцям Вялікага Княства Літоўскага, якія заставаліся ў цемры паганства, і такім чынам тэрыторыя цяперашняй Беларусі стала благаслаўлёнай зямлёй сустрэчы дзвюх вялікіх хрысціянскіх традыцый — усходняй і заходняй. Шматвяковы досвед навучыў беларусаў мірнаму суіснаванню, нягледзячы на канфесійныя адрозненні, стаўшы асновай уласцівай вашаму народу талерантнасці і адкрытасці для дыялогу культур і рэлігій. Многія пакаленні беларускіх католікаў жылі і вызнавалі сваю веру ў духоўнай еднасці з Катэдрай святога Пятра і яго наступнікамі, Рымскімі Пантыфікамі, што ў далейшай гістарычнай перспектыве не магло не спрыяць развіццю больш цесных адносін са Святым Пасадам.

 

Роўна 500 гадоў таму ў Рыме завяршыў свой зямны шлях біскуп Эразм Вітэлій (Цёлак), які прадстаўляў пры Святым Пасадзе раннюю беларускую дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае. Гэты выдатны дыпламат вядомы таксама як мецэнат, дзякуючы якому развіўся бліскучы талент вялікага сына беларускай зямлі Міколы Гусоўскага, каталіцкага святара, аўтара знакамітай «Песні пра зубра», напісанай у Рыме на лацінскай мове.

 

Вядома, што першае пасольства ад Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага Князя Аляксандра на чале з Эразмам Вітэліем адправілася ў Рым у 1501 годзе. Як удалося высветліць сучасным беларускім навукоўцам, рэзідэнцыя пасольства ў той час, верагодна, размяшчалася ў палацца на плошчы Сан-Сальваторэ ін Лаўра (San Salvatore in Laura).

 

Другое пасольства ад Кароны, Вялікага Княства і караля Аляксандра дзейнічала ў 1505 годзе. Трэцяе пасольства ад Кароны, Вялікага Княства Літоўскага і караля Жыгімонта І пад кіраўніцтвам Эразма Вітэлія знаходзілася ў Рыме з 1518 года. Прыблізна з 1521 года пры ім знаходзіўся Мікола Гусоўскі. Гэтыя пасольствы, на мой погляд, без празмернага перабольшання можна лічыць першай ластаўкай будучых дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам.

 

Пасля распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе Беларусь набыла незалежнасць і стала ў поўнай меры самастойным суб’ектам міжнароднага права. У найноўшай гісторыі беларускай дзяржавы важнай вяхой стаў дзень 11 лістапада 1992 года, калі былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. У гэты дзень Папа Ян Павел ІІ, цяпер — святы Каталіцкага Касцёла, выдаў Апостальскае пасланне Quantam tandem аб заснаванні ў Мінску Апостальскай Нунцыятуры — пастаяннага дыпламатычнага прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь. Праз некалькі месяцаў, 17 красавіка 1993 года, арцыбіскуп Габрыэле Мантальва Ігера быў прызначаны першым Апостальскім Нунцыем у Беларусі.

 

Напачатку Апостальская Нунцыятура ажыццяўляла сваю дзейнасць пераважна ў Ватыкане, а з 18 мая 1994 года на пастаяннай аснове стала дзейнічаць у сталіцы Беларусі. Спачатку гэта была сціплая здымная кватэра на вуліцы Заслаўскай, потым — трэці паверх будынка каля гасцініцы «Мінск». Цяпер дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду размяшчаецца ў спецыяльна пабудаваным асобным будынку ў гістарычным раёне Залатой Горкі. Такая эвалюцыя памяшканняў Апостальскай Нунцыятуры, на мой погляд, добра адлюстроўвае развіццё адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам на працягу мінулых трох дзесяцігоддзяў.

 

Гэтаму развіццю садзейнічалі мае паважаныя папярэднікі, Апостальскія Нунцыі ў Рэспубліцы Беларусь. Пасля ўжо згаданага арцыбіскупа Габрыэле Мантальва Ігеры, у розны час з гэтай місіяй у вашай краіне знаходзіліся арцыбіскуп Агасціно Маркэта, арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, арцыбіскуп Іван Юркавіч, арцыбіскуп Марцін Відавіч, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, арцыбіскуп Габар Пінтэр. 21 мая 2020 года Святы Айцец Папа Францішак прызначыў мяне Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь, і я бязмерна шчаслівы прадстаўляць Яго Святасць Папу і Святы Пасад у вашай цудоўнай, гасціннай краіне, сведчачы блізкасць Папы Францішка да ўмілаванага беларускага народа.

 

Доказам далейшага развіцця і ўмацавання адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам з’яўляюцца кантакты на высокім узроўні. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан: у 2009 годзе кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Папам Бэнэдыктам XVI, а ў 2016 годзе — з цяперашнім Пантыфікам, Папам Францішкам. Яго Эксцэленцыя Сяргей Фёдаравіч Алейнік, Першы намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, ужо пятнаццаты год з’яўляецца Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь пры Апостальскай Сталіцы, прыкладаючы ўсе свае намаганні для развіцця і ўмацавання двухбаковых адносін, за што, карыстаючыся нагодаю, выказваю яму маю асабістую глыбокую ўдзячнасць.

 

Рэспубліку Беларусь з афіцыйнымі візітамі наведалі Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіё Бэртонэ ў 2008 годзе, а таксама Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка Кардынал П’етро Паралін у 2015 годзе.

 

Акрамя таго, Беларусь з розных важных нагодаў наведвалі спецыяльныя пасланнікі Святога Айца — Папскія Легаты, сярод якіх кардынал Альфонсо Лопэс Трухільё, кардынал Эдмунд Казімір Шока, кардынал Вальтэр Каспер, кардынал Станіслаў Дзівіш, кардынал Зянон Грахалеўскі, кардынал Жан-Луі Таран, арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі і іншыя высокія прадстаўнікі.

З нагоды 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам сёння праходзіць гашэнне «першага дня» прысвечанай гэтай падзеі паштовай маркі, выпушчанай поштай Беларусі. Аналагічная марка 16 лістапада выйдзе ў абарачэнне і ў Ватыкане.

 

На марцы — выява раскрытай кнігі, на старонках якой размешчаны гербы Рэспублікі Беларусь і Святога Пасаду. Гэта яскрава сведчыць аб тым, што гісторыя адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам, якая пачала пісацца ў глыбіні стагоддзяў, працягвае дапаўняцца новымі цудоўнымі старонкамі. Гэтыя адносіны выходзяць па-за стандартныя дыпламатычныя межы і ахопліваюць шырокі спектр духоўных, культурных, навуковых і гуманітарных сувязяў, якія маюць пад сабой трывалую шматвяковую падставу.

 

Нягледзячы на цяперашнія цяжкасці і шэраг праблем, якія патрабуюць узважанага падыходу і канкрэтных неадкладных рашэнняў, Святы Пасад па-ранейшаму застаецца адкрытым для рэалізацыі сумесных з Рэспублікай Беларусь намаганняў, скіраваных на падтрымку грамадзянскай супольнасці, дапамогу патрабуючым і церпячым, забеспячэнне міру, стабільнасці, дабрабыту і захавання правоў усіх грамадзянаў без адрознення, незалежна ад іх поглядаў і перакананняў.

 

Выказваючы надзею на далейшае ўмацаванне і развіццё нашых двухбаковых адносін на карысць шматлікай супольнасці каталіцкіх вернікаў у Беларусі, а таксама ўсяго беларускага народа, запрашаю працамі і малітвамі ўсіх тут прысутных усяляк гэтаму садзейнічаць.

 

Напрыканцы майго прывітальнага слова дазвольце, Ваша Эксцэленцыя Сяргей Фёдаравіч, перадаць Яго Эксцэленцыі Міністру замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Уладзіміравічу Макею ліст, скіраваны яму з нагоды 30-годдзя з дня ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам Сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыяту Святога Пасаду Яго Эксцэленцыяй Полам Рычардам Галагерам.

 

Дзякуй за ўвагу!

 

Паводле Catholic.by

13.11.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier