Пошук

Каляндар

 

22 кастрычніка 2022 г. у мінскай катэдры Апостальскі нунцый ускладзе мітрапалічы палій на арцыбіскупа Юзафа Станеўскага  


22 кастрычніка 2022 г.  у мінскай катэдры Апостальскі нунцый ускладзе мітрапалічы палій на арцыбіскупа Юзафа СтанеўскагаУ суботу 22 кастрычніка Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч ускладзе палій Мітрапаліта на арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага.


Арцыбіскуп Станеўскі артымаў палій з рук Папы Францішка ў Рыме 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. З 2015 года Папа больш не накладае паліі новым арцыбіскупам Мітрапалітам, як гэта адбывалася раней. Згодна з рашэннем Святога Айца, гэты абрад здзяйсняюць Апостальскія нунцыі ў дыяцэзіях, дзе служаць новапрызначаныя іерархі. У Рыме Пантыфік толькі ўручае ім гэты атрыбут літургічнага адзення Мітрапаліта.

 

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч ускладзе палій на арцыбіскупа Станеўскага ў дзень літургічнага ўспаміну святога Яна Паўла ІІ, напярэдадні першай гадавіны з дня яго кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

 

Абрад урачыстага накладання палія адбудзецца падчас святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

 

Пачатак ў 12.00.


Палій — гэта белая баваўняная стужка ў форме каўнера з двума языкамі — спераду і ззаду, — на якой вышыта шэсць чорных крыжоў. Гэта сімвал еднасці з Рымскім Касцёлам і пастырскага клопату Мітрапаліта у пэўнай касцёльнай правінцыі.

 

Гэты палій Мітрапаліт можа ўжываць у любым касцёле сваёй касцёльнай правінцыі, але ніколі па-за яе межамі, нават са згоды дыяцэзіяльнага біскупа. Калі так станецца, што Мітрапаліт будзе пераведзены на іншую мітрапалітальную катэдру, ён павінен атрымаць новы палій.

 

Паводле Catholic.by


20.10.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier