Пошук

Каляндар

 

Юбілей 100-годдзя вяртання ў Барунскую святыню цудадзейнай Іконы Багародзіцы  


Юбілей 100-годдзя вяртання ў Барунскую святыню цудадзейнай Іконы БагародзіцыВіншавальны ліст Архімандрыта Сяргея.

 

N. 22.104/MB

Мінск, 14.10.2022.

 

Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)

Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

 

Яго Эксцэленцыя Біскуп Аляксандр КАШКЕВІЧ

Біскуп Гродзенскі, ГРОДНА

 

Ваша Эксцэленцыя, Найдастойны Ксёндз Біскуп!

Laudetur Jesus Christus, salutem Vobis dicimus in Domino!

 

Прывітанне Вам і пашана ў Хрысце Ісусе – у гэты час Юбілею 100-годдзя вяртання ў Барунскую святыню цудадзейнай Іконы Багародзіцы – Суцяшальніцы Засмучаных.

Для грэка-католікаў Беларусі гэты Юбілей ёсць часам асаблівай радасці і ўдзячнасці Богу. Урачыста ўшаноўваецца Ікона, якая 330 год таму пасялілася ў Барунскай пушчы і перад якой грэка-каталіцкія манахі з Ордэна Айцоў Базыліянаў паўтара стагоддзя духова апякалі вернікаў візантыйскага і рыма-каталіцкага абраду. Зразумела, што Маці Божая ўсцяшала засмучаных і ў час, калі царскія акупанты адабралі храм ў Айцоў Базыліянаў.

100 год таму Ікона Маці Божай вярнулася ў Барунскі храм і вернікі маглі перад цудадзейным Абразом шукаць суцяшэння і ўмацавання ў веры.

100 год – у час радасных і сумных падзеяў, Маці Божая Барунская нястомна суцяшала і падтрымлівала вернікаў, якія з блізкіх і далёкіх мясцінаў прыходзілі маліцца перад Яе цудадзейнай Іконай. Яна падтрымлівала і руплівых душпастыраў, якія ў часы пераследу веры камуністамі стараліся мужна служыць Божаму Люду.

Ад 1980 да 1989 года святарскае служэнне ў Барунскім храме нёс грэка-каталіцкі святар айцец Ян Матусевіч, душпастырскім клопатам апякаў ён рыма-каталіцкіх вернікаў, аказваў гасціну тайным манахам Базыліянам, якія прыбывалі здалёк, каб памаліцца ў сваім храме.

Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя а. Ян прымаў і беларускіх студэнтаў, настаўнікаў, інтэлігенцыю, што прыбывалі з Мінска і іншых гарадоў, каб тут – у Барунах прыняць святы Хрост або вацэрковіцца. 12 лістапада 1989 года тут, у храме ў Барунах, а. Ян адслужыў першае, адкрытае грэка-каталіцкае набажэнста ў Беларусі.

Пасля пераезду а. Яна ў Мінск, пастырскае служэнне ў Барунскай святыні перанялі Ксяндзы Салезіяне, а яшчэ пазней – руплівыя святары Гродзенскай дыяцэзіі.

За ўсіх іх сёння – супольна – дзякуем Госпаду перад Цудатворнай Іконай Багародзіцы – Суцяшальніцы засмучаных.

Deo gratias!


+архім. Сяргей (Гаек)

Апостальскі візітатар Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі


15.10.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier