Пошук

Каляндар

 

Малітоўная салідарнасць: да 175-годдзя з дня нараджэння фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены Слугі Божага Эдварда Вайніловіча  


Малітоўная салідарнасць: да 175-годдзя з дня нараджэння фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены Слугі Божага Эдварда ВайніловічаДухавенства і вернікі Мінскага рэгіёна (дэканаты Мінск-Усход і Мінск-Захад) выказваюць малітоўную салідарнасць са сталічнай парафіяй святога Сымона і святой Алены і яе пробашчам ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком у склаўшайся сітуацыі вакол зачыненага Чырвонага касцёла — месца сустрэчы чалавека з Богам, які мае важнае рэлігійнае значэнне, як для парафіяльнай супольнасці, так і ўсяго горада Мінска.

 

З мэтаю вырашэння справы і хутчэйшага вяртання да культавага ўжытку святыні прапануецца, па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, у марыйны дзень, 13 кастрычніка, з нагоды юбілею 175-годдзя з дня нараджэння фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, ва ўсіх парафіях Мінскага рэгіёна памаліцца ў гэтай інтэнцыі Ружанец, прачытаць малітву аб беатыфікацыі слугі Божага Эдварда і, па магчымасці, цэлебраваць у гэты або бліжэйшы дзень святую Імшу паводле фармуляра «Пра Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Касцёла» (гл. Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, с. 1488).

 

Таксама, 13 кастрычніка ў 18.30 у мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, з гэтай нагоды адбудзецца ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

 

Маці Божая Будслаўская, маліся за нас.
Святыя Сымон і Алена, маліцеся за нас.
Слуга Божы Эдвард Вайніловіч, заступайся за нас.

 

Біскупскі вікарый Мінскага рэгіёна
Кс. кан. д-р Ян Крэміс

 

Паводле Catholic.by


12.10.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier