Паводле супрасльскай традыцыі 16 верасьня адзначаецца памяць сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага. (У некаторых рыма-каталіцкіх парафіях Полаччыны, напрыклад, у Канстанцінаве, што ў Глыбоцкім раёне, памяць сьв. Язафата адзначаецца 26 верасьня, г.зн. у дзень, які ў XVII стагоддз. адпавядаў 16-му верасьня паводле старога календара).
Сёлета дзень памяці сьвятамуч. Язафата прыпаў на тыдзень, калі мы асабліва ўшаноўваем Пачэсны Крыж Госпада нашага Ісуса Хрыста, паколькі 14 верасьня было сьвята Узвышэньня Пачэснага Крыжа.
Ніжэй прапануем вашай увазе кароткае разважаньне на тэму Крыжа і цярпеньня ў жыцьці сьв. Язафата. Сапраўды, асоба сьв. Язафата адкрывае для нас таямніцу Крыжа. Ён пачаў пазнаваць яе зь дзяцінства, калі ў малым узросьце іскра Божая, якая выляцела з выявы ўкрыжаванага Хрыста, запаліла ягонае сэрца любоўю да Госпада. Гэта іскра абудзіла душу маленькага Яна, каб яго сэрца сталася настолькі вялікім, што змагло прыняць кожнага патрабуючага суцяшеньня, падтрымкі і чуласьці.
Як калісьці патрыярх Ерусалімскі пасьля таго як знайшлі Крыж, узносіў яго, каб кожны, хто прыходзіў, атрымаў блаславеньне, так і сьв. Язафат прыняў ад Госпада сьвятло, каб “зьядналіся і былі адно, як адзін Пастыр, так і адзін статак”.
Нялёгкай была справа Уніі, архібіскупу Язафату даводзілася не раз і не два, а кожны дзень узьнімацца і браць крыж Гасподні і несьці яго. Ён быў адданы Царкве Адзінай і сэрцам, і душой, але меў таксама мудрасьць, каб адрозьніваць благое ад добрага. Цяжка нам зараз зразумець, як Сьвяты пераносіў такі перасьлед праз усё жыцьцё. Шмат разоў бачылі вочы сьв. Язафата, як справа Уніі разьбіваецца ворагамі адзінства і, здавалася, няма паратунку, але калі ўваходзіў у храм Божы і калі малітва да Госпада пранікала глыбока ў сэрца, ён ясна бачыў, што Госпад ніколі не бывае пасаромлены. Ён заўсёды ведаў, што Госпад зь ім, і ахвяраваўшы сваё жыцьцё служэньню Госпаду, ён заставаўся верны яму.
Чытаючы жыцьцяпіс сьвятамучаніка Язафата, мы бачым, як ён адаваўся аскезе. Звычайна ў манаскай практыцы аскеза была зброяй супраць рознага роду спакусаў. Але калі мы зразумеем, у якіх варунках жыў сьв. Язафат, то стаецца ясным, што яго акеза была часткай пакутаў за Еднасьць Царквы.
Чаму сьв. Язафата называлі душахватам? Адкуль у ягоных словах была такая сіла, што прыцягвала да сябе? Гэтая моц нараджалася са штодзённых малітваў і жаданьня прывесьці да Госпада як мага болей душаў. Адзначала сьв. Язафата міласэрнасьць, ціхасьць духа, але і цьвёрдасьць у абароне праўды Божай. Сябе ён ніколі не бараніў і не баяўся прыняць сьмерць, але заўсёды абараняў слабых і нясправедліва пакрыўджаных. Дбаў ён, каб Народ Божы быў заўсёды пад апекай сьвятароў. Сам ён, часта падарожнічаючы, стараўся пры ўсякай магчымасьці паслужыць народу. Сьведкі згадваюць, што бачылі сьв. Язафата, калі ён на пераправе праз раку спавядаў простых людзей.
Архібіскуп Язафат добра разумеў каштоўнасьць сьвятой Уніі, бо яна прынесла Божы супакой у душы людзей. Але за словамі Хрыста Унія была і мячом, які стаўся спаскусай для тых, што не разумелі волі Божай: “Няхай будуць адно, як мы з Айцом адно”. І ў наш час справа Еднасьці царкоўнай стаецца выпрабавальным каменем для тых, хто больш шукае славы людзкай, чым Божай.
Сьвятамучаніку Язафаце, адаем пад тваю малітоўную апеку нашу Беларусь, маліся, каб мы былі вернымі сьведкамі праўды Божай і не саступалі хлусні і мане. Маліся, каб Бог падараваў нам лагоднасьць і ціхасьць духа. Просім цябе, будзь нашым заступнікам і апекуном.
Найсьвятая Багародзіца, маліся за нас.
Усе сьвятыя беларускага народу, заступайцеся за нас перад Пасадам Божым. Амін.
а. Пахом Кавалёў