Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Перад беатыфікацыяй Слугі Божага а. Міхала Сапоцькі  


Айцец Міхал Сапоцька
28 верасьня 2008 году ў Беластоку да ліку Блаславёных Каталіцкай Царквы будзе залічаны сьвятар Міхал Сапоцька - ураджэнец Беларускай Зямлі. Для Каталіцкай Царквы ў Беларусі гэта будзе асаблівы дар Божы – новы Заступнік перад Міласэрным Хрыстом, руплівым апосталам Якога быў ва ўсім сваім сьвятарскім служэньні а. Міхал. У беатыфікацыі будуць удзельнічаць беларускія каталіцкія ярархі, у тым ліку і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).

Айцец Міхал Сапоцька быў трэцім, наймалодшым дзіцём Вінцэнта Сапоцькі і Эміліі Паўловіч. Ён нарадзіўся 1 лістапада 1888 году, ва ўрачыстасьць Усіх Сьвятых, на Ашмяншчыне, у невялікім маёнтку Юшаўшчызна, які арэндаваў ягоны бацька. Сёньня толькі памятная шыльда на сучасным касьцёле ў Забрэзьзі каля Валожына нагадвае, што ён нарадзіўся на тэрыторыі Забрэзкай рыма-каталіцкай парафіі. Але хрысьціяне Беларусі – рыма-католікі, грэка-католікі, некаторыя праваслаўныя – ўсё больш і больш асэнсоўваюць плёны нястомнай апостальскай працы айца Міхала, духоўніка сьвятой манахіні Фаўстыны (Кавальскай) і вялікага Апостала Божай Міласэрнасьці.

Ашмяны, Таборышкі, Варшава, Вільня, Беласток – Беларусь, Літва, Польшча – гэта асноўныя рэгіёны служэньня а. Міхала. Ён нёс там душпастырскае служэньне вернікам розных народаў, традыцыяў, моваў: палякам, беларусам, літоўцам, расейцам. Ён нёс дапамогу і апеку габрэям... Ягонае жыцьцё было абвяшчаньнем ды сьведчаньнем пра бязьмежную Божую Міласэрнасьць.

Забрэзьзе
Памятная шыльда
Гэта дбаньнем а. Міхала Сапоцькі быў напісаны ў Вільні ў 1934 годзе першы абраз Ісуса Міласэрнага з подпісам Jezu, ufam Tobie - Ісусе, давяраюся Табе! 4 красавіка 1937 году а. Міхал Сапоцька зьмясьціў гэты Абраз у касьцёле сьв. Міхала ў Вільні. А калі ў 1948 годзе камуністычныя ўлады зачынілі той касьцёл, Абраз перахоўваўся шмат гадоў на Беларусі, у парафіяльным храме ў Новай Рудзе каля Горадні. Пазьней сьвяты Абраз перавезьлі ў Вільню і, дзякуючы руплівасьці віленскіх душпастыраў Аляксандра Кашкевіча і Тадэвуша Кандрусевіча, зьмясьцілі ў касьцёле Сьвятога Духа. Сёньня гэты Абраз ушаноўваецца ў Вільні ў адмысловым міжнародным Санктуарыі, на сьценах якога зьмешчаны надпіс і па-беларуску.

У візантыйскай літургічнай традыцыі ёсьць шмат тэкстаў, якія паказваюць нам Міласэрнага Хрыста Чалавекалюбца. У апошнія дзесяцігоддзі евангельская праўда пра Божую Міласэрнасьць атрымала больш глыбокае асэнсаваньне ў кантэксьце зьяўленьняў Ісуса Міласэрнага сьвятой манахіні Фаўстыне (Кавальскай) ў блізкім сэрцам беларусаў горадзе Вільні.

Асэнсаваньне багаслоўскага зьместу візіяў сястры Фаўстыны патрабавала шмат намаганьняў вопытных тэолагаў. Першым з іх быў айцец прафесар Міхал Сапоцька. Паводле пэўных зьвестак культам Божай Міласэрнасьці цікавіўся таксама львоўскі грэка-каталіцкі мітрапаліт – Слуга Божы Андрэй Шаптыцкі, які лічыў гэты культ сугучным з усходняй багаслоўскай і літургічнай традыцыяй.

На самой справе на працягу мінулых дзесяцігоддзяў католікі розных ўсходніх Цэркваў паступова ўвялі ў сваю багаслужбовую практыку шанаваньне Божай Міласэрнасьці.

Месцам асаблівага шанаваньня Божай Міласэрнасьці ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве ёсьць Санктуарый Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне - горадзе, недалёкім ад месца нараджэньня а. Міхала Сапоцькі Гэты ж Санктуарый Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне – пры супрацоўніцтве Грэка-каталіцкай парафіі Сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку – падрыхтаваў да друку кніжку Мансіньёра Кшыштафа Ніткевіча, Падсакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, Пастулатара беатыфікацыйнага працэсу, у якой коратка, зьмястоўна і кампетэнтна прадстаўляецца жыцьцёвы шлях Слугі Божага Міхала Сапоцькі – духоўніка сьвятой Фаўстыны і нястомнага Апостала Божай Міласэрнасьці.

Выдаўцы спадзеваюцца, што кніжка “На шляхах Божай Міласэрнасьці. Блаславёны Міхал Сапоцька – духоўнік сьвятой Фаўстыны”, распаўсюджваньне якой пачнецца праз некалькі дзён, дапаможа шматлікім хрысьціянам Беларусі духова асэнсаваць каштоўнасьць і актуальнасьць сьведчаньня Слугі Божага Міхала Сапоцькі пра Божую Міласэрнасьць.

Ніжэй прапануем адзін з разьдзелаў кніжкі.



ЗАХОПЛЕНЫ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЬЦЮ


Санктуарый Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне
Асноўная ідэя айца Міхала Сапоцька - устанаўленьне сьвята Божай Міласэрнасьці. Ён не губляе найменшай магчымасьці прапаноўваць гэтую ідэю ў кантактах з біскупамі і падчас тэалагічных сімпозіумаў. Айцец Сапоцька вярнуўся таксама да сваёй старой ідэі – пабудаваць храм у гонар Божай Міласэрнасьці. На жаль, супраціў гарадскіх ўладаў Беластока зрабіў гэтую ініцыятыву немагчымай.
Культ Божай Міласэрнасьці становіцца вельмі распаўсюджаным і ўсё больш пашыраецца. Аднак народная рэлігійнасьць ня столькі чэрпае з тэалогіі ці нават са зьяўленьняў сястры Фаўстыны, сабраных у яе Дзёньніку, колькі з яго фрагментаў, недакладна перапісаных некалькімі манахінямі. Арыгінальны абраз Ісуса Міласэрнага мяняецца адпаведна з фантазіяй асобных мастакоў. Будучай сьвятой і яе духоваму кіраўніку прыпісваюцца словы, якіх яны ніколі не казалі. Айцец Сапоцька спрабуе супакоіць залішні энтузіязм, які, пазбаўлены кантролю, можа часам нашкодзіць сапраўдным каштоўнасьцям. У 1954 годзе ён атрымаў зацьверджаньне, з боку Канферэнцыі Епіскапату Польшчы, афіцыйнай версіі выявы Ісуса Міласэрнага. Айцец прафесар Міхал крытыкуе некаторыя публікацыі, але шкода ўжо нанесеная. Некаторыя праявы культу Божай Міласэрнасьці польскія біскупы забараняюць.
У тым кантэксьце прыходзіць Нота Найвышэйшай Кангрэгацыі Сьвятога Афіцыума, выдадзеная 6 сакавіка 1959 году, якая забараняе распаўсюджваньне культу ў тых формах, якія прапаноўвала сястра Фаўстына Кавальская. Айцец Сапоцька не зьдзіўляецца. “Сястра Фаўстына гэта прадбачыла”, – кажа ён некаторым блізкім асобам. Сьвятар разглядае ўсё, што адбываецца, як дапушчанае Божым Провідам, бо рашэньне Сьвятой Сталіцы дапаможа вызваліць культ ад чужародных элементаў.
Забарона была адмененая 15 красавіка 1978 году, калі ўсе двухсэнсоўнасьці былі растлумачаныя ў сьвятле арыгінальных дакументаў. Адначасова праведзеныя даследаваньні выявілі салідную тэалагічную базу культу і шанаваньня Божай Міласэрнасьці. Галоўную ролю ў гэтым адыграў Кракаўскі кардынал Караль Вайтыла. 5 кастрычніка 1966 году ён загадаў распачаць дыяцэзіяльны этап беатыфікацыйнага працэсу сястры Фаўстыны Кавальскай. Потым, калі ўзышоў на кафедру Сьвятога Пятра, абвясьціў яе блаславёнай і сьвятой. Айцец Сапоцька стаў адным з асноўных сьведкаў, выслуханых падчас дыяцэзіяльнага рассьледаваньня. Праўду кажучы, ужо ў верасьні 1948 году ён зьвяртаўся да тагачаснага Кракаўскага архібіскупа кардынала Адама Сапегі, зьбіраючы дакументы, якія тычыліся сястры Фаўстыны, бо прадбачыў у будучым ейны беатыфікацыйны працэс.
Радасьць ад беатыфікацыі сястры Фаўстыны і ад разьвіцьця Супольнасьці Сёстраў Ісуса Міласэрнага, якая нарадзілася падчас вайны пад іншай назвай, зьмешвалася з горыччу з-за крытыкі з боку некаторых вучоных тэолагаў. У прыватнасьці, у сваіх працах яны пярэчылі таму, што Міласэрнасьць ёсьць найвялікшай прыкметай Бога. Яны казалі, што ўсе прыкметы Бога аднолькавыя, і нельга рабіць найвялікшай адну з іх. Тэолагі не хацелі прымаць таго, што прафесар Сапоцька казаў пра пазнаньне Бога чалавекам, які адчувае сваю абмежаванасьць, спасьцігаючы ўласную грахоўнасьць.
Невядома, ці Сьвяты Айцец Ян Павал ІІ Вялікі чытаў творы айца Міхала Сапоцькі. Канешне ж, ён ведаў сьвятара і, магчыма, як Кракаўскі архібіскуп, чуў некаторыя яго выступы падчас сімпозіумаў і кангрэсаў тэолагаў. У кожным разе, вельмі цікавае падсумаваньне робіць Сьвяты Айцец у сваёй энцыкліцы Dives in Misericordia, 13: “Калі некаторыя тэолагі сьцьвярджаюць, што Міласэрнасьць – гэта самая вялікая прыкмета Бога, то Біблія, Традыцыя і ўсё жыцьцё веры Народу Божага несумненна даюць своеасаблівае сьведчаньне гэтага. Гаворка ідзе не пра дасканаласьць усёй непазнавальнай існасьці Бога ў таямніцы самога Боства, але пра Яго дасканаласьць і прыкмету, праз якую чалавек, у глыбокай праўдзе свайго існаваньня, асабліва блізка і асабліва часта сустракаецца з Богам жывым”.
Акрамя дыскусій з некаторымі тэолагамі, айцец Сапоцька мусіць змагацца з праблемамі здароўя. У 1958 годзе падчас рэкалекцыяў, якія ён праводзіў для сьвятароў, адчуў цік у мышцы твару. Гэта хвароба была для яго вельмі прыкрай, бо з-за яе сьвятар мусіў скарачаць свае публічныя выступы. Праз чатыры гады ў горным курорце Закапанэ, дзе сьвятар прымаў удзел у адным багаслоўскім сімпозіуме, яго зьбіла машына. Гады ішлі. Састарелы сьвятар быў ня ў стане спалучаць выкладаньне ў семінарыі з пастырскімі абавязкамі ў суседнім касьцёле сьвятога Войцеха, як гэта звычайна рабілі выкладчыкі. У выніку, яго вызвалілі і ад адных, і ад другіх.
У айца Міхала Сапоцькі пачынаецца новы этап у жыцьці – пенсія. У сваім Дзёньніку сьвятар піша: “Да старасьці неабходна ставіцца як да пакліканьня да большай любові да Бога і да бліжняга. Бог мае новыя планы адносна сталых людзей, хоча ўвайсьці ў глыбіню чалавека, раскрываючы ягонае ўнутранае жыцьцё тварам у твар. Адзінае эфектыўнае дзеяньне, на якое мы здольныя – гэта малітва. У гэтай актыўнай пасіўнасьці ўсё рыхтуецца, ўсё вырашаецца, ўсё набываецца. Неба будзе толькі малітвай Ойча наш”
І ўсё ж айцец Міхал працягвае працаваць. Ён пашырае капліцу на вуліцы Палескай, побач з якой жыве, і такім чынам у нядзелю тут на сьв. Імшы можа зьбірацца каля ста чалавек. Ён заўсёды быў перакананы, што пастырскае служэньне ёсьць служэньнем Міласэрнасьці. Айцец Сапоцька, натхнёны гэтай ўпэўненасьцю, раіў семінарыстам і сьвятарам старанна ажыцьцяўляць іх пастырскія абавязкі, заўсёды быць Міласэрнымі ў дачыненьні да вернікаў. “Будзьце ж Міласэрныя, як і Айцец ваш Міласэрны” (Лк 6, 36). Атрыманая і аказаная Міласэрнасьць – гэта на самой справе ідэальная прастора, каб быць чалавекам паводле волі Творцы.
Пазьней пра праўду аб тым, што Міласэрная любоў Бога прасьвятляе аблічча Царквы, прыгадае Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI у сваёй катэхезе падчас малітвы Regina Caeli 30 сакавіка 2008 году. Сьвяты Айцец кажа, што яна “праяўляецца як праз Таямніцы, асабліва праз Таямніцу Пакаяньня, так і праз справы Міласэрнасьці, супольныя і індывідуальныя. Усё, што Царква кажа і выконвае, выяўляе Міласэрнасьць, якой Бог корміць чалавека, гэта значыць – нас”.
Нягледзячы на сталы ўзрост, айцец Міхал працягвае тэалагічныя даследаваньні праблематыкі Божай Міласэрнасьці незалежна ад візіяў сястры Фаўстыны. Яшчэ ў 1959 годзе ў Лондане выходзіць першы том працы “Міласэрнасьць Бога ў Яго дзеях”. Наступныя тры тамы надрукаваныя ў Парыжы ў шасьцідзясятых гадах мінулага стагоддзя.
Па публікацыях айца Міхала Сапоцькі бачна, што тое, пра што піша, ён найперш выпрабаваў на практыцы, маючы абсалютны давер да Бога і сэрца, адкрытае на патрэбы бліжняга. Грошы, якія атрымлівалася яму сэканоміць, ён выкарыстоўваў на дапамогу бліжнім, у першую чаргу семінарыстам. Сьвятар таксама фінансаваў Апостальства Божай Міласэрнасьці. Сам ён заўсёды жыў у вельмі сьціплай кватэры, з мінімальнымі выгодамі, апранаўся проста. Яго лічылі сьвятым. Ён добра ставіўся да ўсіх, ад простых людзей да Прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышынскага, на якога пажылы сьвятар настойліва ціснуў, каб атрымаць у Рыме дазвол на ўстанаўленьне сьвята Божай Міласэрнасьці. Слуга Божы Папа Ян Павал ІІ устанавіў гэтае сьвята падчас Вялікага Юбілею 2000 году.

Мансіньёр Кшыштаф Ніткевіч

23.09.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier