Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Успенне Найсвяцейшай Багародзіцы  


1.Cёння мы святкуем дзень Успення Найсвяцейшай з усіх святых – Божай Маці.

Яна сапраўды заснула сном зямлі, але так як Яна была жывою да самых глыбінь Сваёй існасці, так і засталася Яна жывою – жывою душою, узнесенай да пасаду Божага, жывым і ўваскрослым целам Сваім, якім Яна стаіць перад пасадам Бога зараз і моліцца за нас. Бо Яна сама стала пасадам ласкі, бо праз Яе ўцелавіўся Жывы Бог, ва ўлонні Яе Ён быў, як на пасадзе славы Сваёй. І з якой падзякай, з якой пяшчотай мы праслаўляем Яе: Крыніца жыцця, Жываносная Крыніца – так апявае літургічна, называе Яе Царква, шануючы ў незлічоных іконах.

Але што ж яшчэ Яна пакідае нам у спадчыну? Адну толькі запаведзь і адзін дзівосны прыклад. Запаведзь – тыя словы, якія Яна сказала служкам у Кане Галілейскай: “Што б ні сказаў вам Хрыстос – тое выканайце”. І яны выканалі, і звычайная вада сталася добрым віном Валадарства Божага.

 

2. Гэтую запаведзь Яна пакідае кожнаму з нас. Кожны з нас павінен зразумець слова Хрыстовае, услухацца ў яго і не быць толькі слухачом, але выканаўцам яго, і тады ўсё зямное стане нябесным, вечным, змененым і праслаўленым.

Менавіта Яна пакінула нам гэты прыклад: аб Ёй гаворыцца ў Евангеллі, што кожнае слова пра Хрыста і, вядома, кожнае слова Хрыстовае Яна складала ў Сваё сэрца як скарб, як самае каштоўнае, што ў Яе было.

Менавіта таму Ісус Хрыстос перадаў Найсвяцейшай Багародзіцы права на Заступніцтва.

Таму Маці Божая дзень і ноч моліцца за нас, грэшных. Яна – заступніца, ахова, пасярэдніца і прыстанішча грэшнікаў. І хто мае шчырую пабожнасць да Маці Божай, той сапраўды будзе выратаваны, таму што калі маці скажа: “Так”, як гэта адбылося ў Кане Галілейскай, то Сын Яе не скажа: “Не”.

 

3. Станем і мы вучыцца ад Яе так слухаць, як слухаюць усёй любоўю і ўсёй глыбокай павагай, услухоўвацца ў кожнае слова Збавіцеля. У Евангеллі шмат збаўчых словаў сказана, але сэрца кожнага з нас адклікаецца то на адно, то на іншае, а на што адклікаецца наша сэрца – гэтае слова, сказанае Збаўцам Хрыстом нам асабіста. І гэтае слова нам трэба захаваць як шлях жыцця, як кропку судотыку паміж намі і Богам, як прыкмету нашага сваяцтва і блізкасці з Ім.

І калі так будзем жыць, так слухаць, так складаць у сэрцы сваім словы Хрыстовыя, як сеюць насенне ва ўзараную добрую зямлю, тады і над намі выканаецца тое, што Альжбэта сказала Божай Маці, калі Яна да яе прыйшла: “Блаславёная, якая паверыла, бо выканаецца ўсё, сказанае Табе ад Госпада”. Няхай будзе гэта і з намі. Няхай будзе Маці Божая нашым прыкладам, успрымем Яе адзіную запаведзь, і паклонімся тады Богу ў Ёй і праз Яе ў духу і ісціне.


Аўтар - айцец Аляксандр Шаўцоў

13.08.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier