Пошук
Нядзельнае казаньне
чацьвер
ЖНІЎНЯ |
Апосталаў Пятра і Паўла ўшаноўваем словамі Акафіста, складзенага Францішкам Скарынам
29 чэрвеня - ва ўрачыстасць святых Вярхоўных Апосталаў Пятра і Паўла - прапануем скарыстацца ў малітве тэкстам Акафіста з «Падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны. (Увесь тэкст - у канцы гэтай інфармацыі).
ДЗЕНЬ ІХ (29.06) - Урачыстасць
Кандак 9 (Пятра) Абняты адзіным клопатам аб душах і сэрцах тых, што прыбягаюць да веры Хрыстовай, ты, блаславёны апостале Пятро, паставіў дабрадзейнага Сьцяпана і шэсьць іншых дыяканаў, каб рупіліся аб іншых патрэбах, а сам аддаўся малітве і навучаньню слова верных, якія адзінадушна клікалі: Алілуя.
Ікас 9 Натхнёны руплівасьцю Хрыстоваю і загарэўшыся гневам, ты адсек Малхава вуха, як непрыгоднае да слуханьня прароцкіх сказаньняў аб Хрысьце; але Настаўнік твой, блаславёны апостале Пятро, забараніў табе, і ты пачуў ад Ісуса, што кожны, хто падымае меч на бліжняга, ад мяча памрэ і што нягожа мужу духоўнаму збройна супраціўляцца, але трэба дабравольна пераносіць нягоды, што ты пасьля і ўчыніў. Дзеля гэтага пяём табе: Радуйся, слаўны апостале Пятро, любы вучню Настаўніка твайго; Радуйся, ты, каму было загадана крыўдзіцелю ня сем, а семдзесят сем разоў адпушчаць; Радуйся, ты, што абяцаўся ісьці ў вязьніцу і на сьмерць разам з Настаўнікам тваім; Радуйся, ты, што, калі гэбраі ў садзе хацелі ўзяць Ісуса, ты збройна бараніў Яго; Радуйся, ты, што з любоўю пайшоў усьлед за Хрыстом да дому Каяфы, што быў тады архіерэем; Радуйся, ты, якому Хрыстос прадказаў, што адрачэшся тройчы Яго, пакуль певень запяе; Радуйся, ты, што, холадам мучаны, тройчы з клятваю адрокся Настаўніка твайго; Радуйся, ты, што хутка пасьля гэтага, сагрэты Божай ласкаю, пакаяўся і горка заплакаў; Радуйцеся, усесьвятыя апосталы Пятро і Паўле, што, быццам два вокі Гасподнія, увесь сусьвет назіраеце; Радуйцеся, два дарагія камені, што на плячы Ааронавым зьзяюць; Радуйцеся, Богам праслаўленыя дванаццаць апосталаў, пасланыя хрысьціць сьвет на адпушчэньне грахоў; Радуйцеся, вы, што хрысьцілі ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа вадою і духам; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.
Кандак 10 (Паўла) Ты, Богам пакліканы апостале Паўле, даў вялікае сьведчаньне з прароцкіх кнігаў аб Ісусе перад начальнікамі і судзьдзёю Фэстам, і перад царом Агрыпаю. Праз аднаго з іх ты быў брыдка абмоўлены, быццам ад вялікіх кніжных ведаў ты розум страціў; а ад другога пачуў няшчыры адказ, што ён ня сьмее верыць у Хрыста Ісуса і недастойны ўсклікнуць з вернымі: Алілуя.
Ікас 10 Тройцу адзінасутную прапаведаваў ты, выбраны посудзе тайнаў Божых, апостале Паўле, перад усімі народамі, судзьдзямі і ўладарамі, і абяцаў збаўленьне ўсім, што захочуць верыць. Дзеля гэтага клічам: Радуйся, разважны прапаведніча веры Хрыстовай; Радуйся ты, што не збаяўся падкопаў гэбрайскіх, калі цябе без віны хацелі забіць; Радуйся, што перад Фэстам паказаў беспадстаўнасьць даносаў ад асьлеплых бязьверствам; Радуйся, што адклікаўся да суду цэсара, будучы рымскім грамадзянінам; Радуйся ты, што цару Агрыпе нябеснае відзеньне ясна перад усімі расказаў; Радуйся ты, што ягоную крывадушнасьць у гатовасьці верыць у Хрыста выявіў; Радуйся, нястомны правадніку, які вядзеш да пакаяньня тых, што кульгаюць ад цяжару грахоўнага; Радуйся, разумны будаўніку веры Ісусавай сярод тых, што жывуць у далёкіх краінах; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два голубы высакалётныя, што крыламі сваімі ўзьляцелі вышэй за неба; Радуйцеся, два правілы, што кіруюць нерукатворнай Царквой Хрыстовай; Радуйцеся, багалюбныя дванаццаць апосталаў, пасланыя абвяшчаць усяму сьвету ўваскрасеньне Хрыстова; Радуйцеся, дванаццаць вінаграднікаў, што праліваеце віно, якое прыносіць грэшным пацяшэньне; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету
Кандак 11 (Пятра) Ірад азьвярыўся на сьвятых апосталаў Госпада нашага Ісуса Хрыста і, жадаючы дагадзіць багаборцам, забіў Якуба, брата Яна Забэдзеевіча. Ён узьняў таксама рукі на цябе, пахвалы годны апостале Пятро і, схапіўшы, загадаў трымаць закаванага ў вязьніцы пад строгаю вартаю, пакуль міне пасха гэбрайская, каб цябе тады ўмярцьвіць. Але яшчэ не настаў час і месца мукаў тваіх. Таму вось анёл прыйшоў да цябе і загадаў рыхтавацца ў дарогу; і, правёўшы цябе праз моцныя замкі, зьнікнуў; ты ж, пазнаўшы, што збаўленьне прыйшло ад Бога, усклікнуў: Алілуя.
Ікас 11 Ідучы ўсьлед за тваім настаўнікам Хрыстом, ты, сьвяты апостале Пятро, прыйшоў на гару Табар і там бачыў, як Хрыстос перамяніўся і як твар Ягоны слаўны зазьзяў нязвыкла; упаўшы ў страху разам з сынамі Забэдзеевымі на зямлю, ты чуў голас з неба, які казаў: “Гэта Сын Мой любы, будзьце Яму паслушныя ва ўсім”. Мы ж клічам: Радуйся, Пятро апостале, дастойны і верны абвясьціцелю перамяненьня Хрыстовага; Радуйся, бо ты сапраўды чуў Боскі голас і сьвядоцтва Айца згары; Радуйся ты, які паказаў прыязьнь прарокам Майсею і Гальяшу, што там зьявіліся; Радуйся, ты, што ў свайго Настаўніка тры палаткі зрабіць дазволу прасіў; Радуйся ты, што, прыйшоўшы ў Рым, блазна чараўніка аддаў на гібельны канец; Радуйся ты, што там вялікія мукі перанёс і на крыжы ўніз галавою царскі вянец атрымаў; Радуйся, Рыму вялікая пахвала, пасьвяціўшы яго крывёю сьвятою сваёю; Радуйся, Рыму слаўнага галава, што пакінуў там па сабе пастыра статку Хрыстовага; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два браты-блізьнюкі, ад аднае маткі Царквы Хрыстовае народжаныя; Радуйцеся, верныя любіцелі, што ў адзін час дзеля Хрыста пацярпелі; Радуйцеся, дванаццаць Богам праслаўленых апосталаў, пасланыя прапаведаваць Хрыстовы на неба ўзыход; Радуйцеся, дванаццаць вежаў, што горад Божы, сусьвет, з усіх бакоў умацоўваеце; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.
Кандак 12 (Паўла) Славім цябе, усеблаславёны Паўле апостале, як роўнадастойнага з хэрувімамі, бо ты быў узьняты да трэцяга неба і там быў абдараваны невыказнымі Божымі багацьцямі, з якімі абышоў увесь сьвет, навучаючы верыць у расьпятага Хрыста Сына Божага і пець: Алілуя.
Ікас 12 Богам выбраны пачэсны посудзе і чыстае селішча Духа Сьвятога, мудры апостале Паўле: ты быў пакліканы Хрыстом і пасланы Ім прапаведаваць Ягонае ўцелаўленьне, а тым, што паверылі – збаўленьне. Навярнуўшы да Яго многа народаў, ты прыйшоў у Рым і там дзеля Імя Ягонага пацярпець захацеў. Таму мы клічам: Радуйся, Паўле апостале, салодкі прапаведніча веры Хрыстовае; Радуйся ты, што падняўся падвіжніцкай працы, абыходзячы ўвесь сьвет са словамі Ісусавымі; Радуйся, мучаніча вялікі, што перанёс дзеля Бога шматлікія цярпеньні. Радуйся, чысты дзявочніча, што захаваў добрыя норавы душы і цела; Радуйся, вялікі любіцелю імя Ісусавага, перад якім схіляюцца ўсе калені; Радуйся, бо яно ў тваіх пісаньнях пяцьсот разоў успамінаецца; Радуйся ты, што Нэрона цара рымскага пасароміў і жонку яго да веры хрысьціянскае навярнуў; Радуйся ты, што ва ўсяхвальным Рыме разам з намесьнікам Ісусавым прыняў мучэньне; Радуйцеся, Пятро і Паўле, пахвала хрысьціянаў і вялікае пацяшэньне сумных; Радуйцеся, два крылы, што пераносяць нас ад гэтага беднага жыцьця да валадарства нябеснага; Радуйцеся, дванацаць апосталаў, сужыхары Божыя, пасланыя абвяшчаць тайны судоў Хрыстовых; Радуйцеся, бо вы сядзеце на дванаццацёх пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.
Тэкст узяты з сайта Часаслоўца |
29.06.2022
|