Пошук

Каляндар

 

У Рыме распачынаецца Дясятая Сусветная сустрэча сем’яў  


У Рыме распачынаецца Дясятая Сусветная сустрэча сем’яў22 чэрвеня ў Рыме распачыянаецца Дзясятая Сусветная сустрэча сем’яў, якая праходзіць на тэму: «Любоў у сям’і: пакліканне і шлях да святасці».


У сустрэчы бярэ ўдзел таксама дэлегацыя з Беларусі, у склад якой уваходзяць айцец Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ, а таксама сужэнцы Ян і Ліля Кобзікі.

 

Узначальвае беларускую дэлегацыю біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

 

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сёлета Папа Францішак змяніў звычайную формулу правядзення форума, і цяпер ён мае «шматцэнтравы і ўніверсальны» характар.

 

Галоўным месцам сустрэчы з'яўляецца Рым, але ў тыя ж дні кожная дыяцэзія можа арганізаваць свае мерапрыемствы з удзелам сем'яў і супольнасцяў.

 

Дзясятая Сусветная сустрэча сем’яў распачнецца ў сераду ўвечары Фестывалем сем’яў, які пройдзе з прысутнасцю Святога Айца ў ватыканскай Зале Паўла VI. Там жа будуць адбывацца ўсе канферэнцыі і дыскусійныя панэлі.

 

23 чэрвеня тэмай дня стане любоў у сям’і. Удзельнікі паразмаўляюць, між іншым, на тэмы: «Сужэнцы і святары разам у будаўніцтве Касцёла», «Моладзь і пажылыя разам для Касцёла заўтрашняга дня», «Суправаджэнне ў першыя гады пасля шлюбу». Завершыцца дзень канцэртам і наведваннем Латэранскага палаца.

 

Тэмай пятніцы стане пакліканне. Дэлегаты, між іншым, возьмуць удзел у дзвюх дыскусіях: «Быць хрысціянінам у лічбавую эпоху» і «Пакліканне і місія на экзістэнцыяльнай перыферыі».

 

Праграма суботы будзе прысвечана «шляхам святасці». Дзень распачнецца з эўхарыстычнай адарацыі. Увечары на плошчы Святога Пятра Папа Францішак узначаліць цэлебрацыю Імшы для ўдзельнікаў сустрэчы.

 

У нядзелю 26 чэрвеня яны зноў збяруцца на ватыканскай плошчы, каб узяць удзел у малітве Анёл Панскі і пачуць пасланне Папы да сем’яў.

 

Сусветныя сустрэчы сем’яў ініцыяваў святы Ян Павел II. Першая прайшла ў Рыме ў 1994 годзе пад дэвізам: «Сям’я ў цэнтры цывілізацыі любові».

 

Яны звычайна арганізоўваюцца раз у тры гады. Дзясятая Сусветная сустрэча сем’яў завяршае Год сям’і Amoris Lætitia, які распачаўся 19 сакавіка 2021 года. Сямейныя форумы скіраваны на дыялог, дэманстрацыю ролі сям’і ў евангелізацыі і ўмацаванне тоеснасці сям’і.

 

Паводле: Vatican News, Catholic.by


22.06.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier