Пошук

Каляндар

 

На шляху да свята Святых Апосталаў Пятра і Паўла  


На шляху да свята Святых Апосталаў Пятра і Паўла21-29 чэрвеня – дзевяць дзён малітоўнай падрыхтоўкі да свята Святых Вярхоўных Апосталаў Пятра і Паўла.

Беларускія грэка-католікі традыцыйна карыстаюцца тэкстам

Акафіста святым апосталам Пятру і Паўлу – з «Падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны.

 

 

Вершы перад Акафістам

 

Вялікія настаўнікі ўсіх народаў, першапасадныя апосталы Пятро і Паўле, да вас пасьля Бога прыбягаем і просім: маліце Ўладара Хрыста дараваць сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.

 

Першы апостале Пятро, верны ключару Хрыстовы, пастыру пастыраў, прыклад пакаяньня для грэшнікаў, поўны любові да Ісуса, камень Царквы Божай, мучаніку сільны, малі Хрыста Бога даць мне адпушчэньне грахоў.

 

Сьвятлом з неба пакліканы, увесь духоўны, увесь анёльскі, у трэцім небе навучаны, першы вялікі настаўніча Хрыстовае веры сярод грэкаў, рымлянаў, варвараў і ўсіх народаў, апостале Паўле, маліся пільна за нас Госпаду, каб Ён збавіў душы нашыя.

 

Слава...

 

Усе дванаццаць апосталаў Хрыстовых, Пятро і Паўле, Андрэю і Якубе, Яне, Піліпе, Баўтрамею, Мацьвею, Тамашу, Якубе Альфеевы, Сымоне, Юда, вы быццам дванаццаць вялікіх сьветачаў увесь сусьвет прасьвятляеце агнём ласкі Хрыстовае: маліце Яго дараваць нам веліч зьмілаваньня.

 

Цяпер...

 

Маліцеся за нас, семдзесят вучняў Ісусавых, што быццам семдзесят пальмаў фінікавых, даеце нам салодкі плод збавеннай навукі: ваша малітва можа шмат у Хрыста, які паклікаў вас спасярод усіх народаў. Хай Ён увядзе нас у валадарства сваё, каб нам быць разам з вамі.

 

 

А К А Ф І С Т

 

ДЗЕНЬ І (21.06)

Кандак 1 (Пятра)

"Я пастыр добры – кажа Госпад Ісус, – душу маю кладу за авечак маіх. Калі любіш мяне, Пятро, больш чым яны, пасі авечак Маіх, пасі ягнятаў Маіх". Падвойны запавет любові прыняў ты, апостале Пятро, ад Начальніка пастыраў, усьлед за якім ты пайшоў, не збаяўшыся мукаў, якія ты пацярпеў за Яго, клічучы: Алілуя!

 

Ікас 1

"Шчасьлівы Ты, Сымоне, сыне Ёны" – чулі мы, як Хрыстос сказаў табе, усяслаўны апостале Пятро; мы ж, маючы двух такіх пастыраў, як зможам дастойна ўславіць таго, каго Бог уславіў; тым ня менш, заахвочаныя любоўю і вераю, клічам:

 

Радуйся, апостале Пятро, вечная аснова Царквы Хрыстовае;

Радуйся, моцны і непахісны стоўп веры Ісусавай;

Радуйся, старшыня збору апостальскага;

Радуйся, ласкавы варатару валадарства нябеснага;

Радуйся ты, што пакінуў марнасьць сьвету і стаўся рупліўцам духоўнага жыцьця;

Радуйся, міласэрны лекару тых, што шчыра каюцца;

Радуйся ты, што, пакінуўшы тленныя сеці, нятленнымі сьвет улавіў;

Радуйся ты, што моліш Бога за нашыя незьлічоныя правіны.

Радуйся, боская пара першапасадных апосталаў, Пятро і Паўле;

Радуйся, духоўная калясьніца, што дбае аб нашым збаўленьні.

Радуйцеся, дванаццаць апосталаў і багавідцаў, пасланыя на сьвет для прасьвятленьня;

Радуйцеся, знамянітыя дванаццаць патрыярхаў, дадзеныя людзям верным на ўмацаваньне;

-Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.

 

ДЗЕНЬ ІІ (22.06)

Кандак 2 (Паўла)

Моцна зьдзівіўся ты, пачуўшы з вышыні голас Ісуса, які казаў: “Чаму, Саўле, занядужаўшы няверствам, перасьледуеш Мяне? Але ад гэтага часу вер, бо асьлепне дзёрзкасьць супраціўніка: Я выбраў цябе быць прапаведнікам Маім перад уладарамі і народамі, і сынамі Ізраільскімі”. Пачуўшы гэта, ты, Богам пакліканы апостале Паўле, усклікнуў: Алілуя!.

 

Ікас 2

Ты чуў голас з неба, але ня мог бачыць Таго, хто гаварыў; за перасьледаваньне Недасяжнага і руплівасьць законную ты прыняў сьлепату цялесную; ведзены за руку, ты дасягнуў боскага хрышчэньня, атрымаўшы якое, зноў пачаў бачыць. Дзеля гэтага мы пяём табе:

Радуйся, Богам пакліканы апостале, пасланы навучаць усе народы;

Радуйся, слаўны прапаведніку веры Божай па ўсім сьвеце;

Радуйся, навочны сьведка сьвятла Боскага, што ацяніла цябе па дарозе ў Дамаск;

Радуйся, вялікі настаўніку тайніцы Сьвятое і Жыцьцядайнае Тройцы;

Радуйся, вядомы выкрывальніку тых, што ня вераць у Сына Божага;

Радуйся, прамяністы сусьветны сьветач дабрадзейнага жыцьця;

Радуйся ты, што прасьвятліў многія краіны сваімі пісаньнямі;

Радуйся ты, што абяцаў валадарства нябеснае душам тых, што пакаюцца.

Радуйцеся, Пятро і Паўле, што, быццам дзьве ракі, з жыцьцядайнай крыніцы – Хрыста плывеце.

Радуйцеся, вы, што поіце нас, сасмаглых ад агню грахоўнага.

Радуйцеся, дванаццаць апосталаў, пасланыя на выкрываньне грахоў;

Радуйцеся, дванаццаць вятроў, што разьвяваеце ідалаў паганскіх.

-Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.


21.06.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier