Пошук

Каляндар

 

Кардынал Матэо Дзуппі стаў новым кіраўніком італьянскага епіскапату  


Кардынал Матэо Дзуппі стаў новым кіраўніком італьянскага епіскапату24 мая Папа Францішак менаваў кардынала Матэо Марыю Дзуппі, арцыбіскупа Балонскага, Старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Італіі.


Раніцай 24 мая італьянскія біскупы, сабраныя на 76-м агульным сходзе епіскапату, правялі галасаванне, у выніку якога былі вызначаны тры кандыдаты на вышэйшую пасаду ў Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Імёны трох кандыдатаў былі прадстаўлены Папу Францішку на аўдыенцыі, якая прайшла ў аўторак у ватыканскай зале Паўла VI. Як паведаміла прэс-служба Святога Пасаду, сустрэча італьянскіх іерархаў са Святым Айцом працягвалася каля дзвюх гадзін.

 

Канферэнцыя Біскупаў Італіі з’яўляецца адной з найбольшых у свеце і складаецца з 409-і біскупаў.

 

76-ы агульны сход Канферэнцыі Біскупаў Італіі праходзіць з 23 па 27 мая ў гатэлі «Хілтан» у Рыме на тэму: «Слухаючы аповеды Божага народа. Першае распазнанне: якія прыярытэты ўзнікаюць для сінадальнага шляху».

 

Аб прызначэнні новага старшыні сабраным паведаміў у аўторак увечары 80-гадовы кардынал Гуалцьеро Басэцці, які ўзначальваў італьянскі епіскапат з 2017 года.

 

Кардынал Матэо Марыя Дзуппі нарадзіўся ў Рыме 11 кастрычніка 1955 года, будучы пятым з шасці дзяцей у сям’і.


У 1973 годзе, падчас навучання ў ліцыі Вірджыліё, ён пазнаёміўся з Андрэа Рыкардзі, заснавальнікам супольнасці святога Эгідыя (Sant’Egidio), і далучыўся да яе дзейнасці, скіраванай на дапамогу найбольш занядбаным.


Ва ўзросце дваццаці двух гадоў, пасля абароны дыпломнай працы па гісторыі хрысціянства ва ўніверсітэце Ла-Сапіенца, паступіў у семінарыю дыяцэзіі Палестрыны і праходзіў фармацыю да святарства ў Папскім Латэранскім ўніверсітэце, дзе атрымаў ступень бакалаўра тэалогіі.


Святарскае пасвячэнне прыняў 9 мая 1981 года, пасля чаго быў прызначаны вікарыем у рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэверэ. У 2000 годзе стаў пробашчам і заставаўся на гэтай пасадзе дзесяць гадоў. З 1983 па 2012 год ён быў таксама рэкатарам касцёла Санта-Крочэ ала Лунгара, а з 1995 па 2012 год членам святарскай рады Рымскай архідыяцэзіі. З 2005 па 2010 год быў прэфектам трэцяй прэфектуры Рыма; з 2000 па 2012 год — галоўным касцёльным асістэнтам супольнасці святога Эгідыя, ад імя якой быў пасярэднікам у Мазамбіку ў працэсе, што прывёў да міру пасля больш як сямнаццаці гадоў крывавай грамадзянскай вайны.


У 2010 годзе стаў пробашчам парафіі святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Торэ-Анджэла, што на ўсходняй ускраіне Рыма, а ў 2011 годзе быў прэфектам сямнаццатай прэфектуры Рыма. Неўзабаве пасля гэтага, 31 студзеня 2012 года, Бэнэдыкт XVI прызначыў яго тытулярным біскупам Вільяновы і дапаможным біскупам Рымскай архідыяцэзіі (для Цэнтральнага сектара). Ён абраў сваім біскупскім дэвізам словы Gaudium Domini fortitudo vestra — «Радасць Пана — вашая моц».


27 кастрычніка 2015 года Папа Францішак прызначыў яго Мітрапалітам Балонскім, а 5 кастрычніка 2019 года менаваў кардыналам. Матэо Дзуппі зяўляецца супрацоўнікам Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Адміністрацыі маёмасці Апостальскага Пасаду.

 

Паводле: chiesacattolica.it / Catholic.by


25.05.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier