Пошук

Каляндар

 

Папа Францішак прыняў прэм’ераў Паўночнай Македоніі і Балгарыі  


Папа Францішак прыняў прэм’ераў Паўночнай Македоніі і Балгарыі22 мая 2022 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыях Прэм’ер-міністра Паўночнай Македоніі Дзімітара Кавачэўскага і Прэм’ер-міністра Балгарыі Кірыла Петкава.

 

Палітыкі прыбылі ў Ватыкан з візітам з нагоды Дня славянскага пісьменства. Ён адзначаецца славянскімі народамі, якія выкарыстоўваюць кірылічны алфавіт, 24 мая. У гэты дзень Праваслаўныя Цэрквы ўшаноўваюць памяць святых Кірыла і Мятода, асветнікаў і апосталаў славян.

 

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што старшыня паўночна-македонскага ўраду падарыў Папу копію благаслаўлення Клімента Охрыдскага, ружанец з жэмчуга з горада Охрыд і дыскі з музыкай Владка Стэфаноўскага.

 

Балгарскі прэм’ер уручыў Папу яслі Божага Нараджэння, зробленыя з воўны ў Цэнтры Нараджэння Хрыстовага, звязаным з Апостальскім грэка-каталіцкім экзархатам у Сафіі, і традыцыйны дыван, вытканы ў горадзе Чыпраўцы.

 

У сваю чаргу Святы Айцец падарыў палітыкам памятны медаль, спецыяльныя выданні сваіх дакументаў, прысвечаных міру і братэрству, і некалькі кніг, падрыхтаваных у Ватыканскім выдавецтве.

 

Аляксандр Панчанка – Vatican News


24.05.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier