Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
Дык чым для беларусаў зьяўляецца слова пра Крыж?
Дык чым для беларусаў зьяўляецца слова пра Крыж? У імя Айца і Сына і Духа Сьвятога! Ты выкупіў мяне ад праклёну законнага Тваёй пачэснаю крывёю; даўшы сябе прыбіць да Крыжа і кап'ём пракалоць, Ты стаўся крыніцай несьмяротнасьці для людзей…” (малітва на Праскамідыі) Сёньня Царква сьвяткуе адзінае з вялікіх сьвятаў, якое прысьвечана не канкрэтнай асобе, а рэчы – Узвышэньне Пачэснага і Жыватворчага Крыжа. Аднак, гэта не ёсьць ідалапаклонствам, бо мы ўшаноўваем Крыж не як геаметрычную фігуру, а толькі адзіны Крыж Гасподні. Усе астатнія крыжы, якія бачым у руках сьвятара, якія носім на грудзях, перад якімі молімся, маюць сэнс як вобраз (ікона) гэтага непаўторнага Крыжа, на якім ахвяраваў сябе за грахі сьвету Госпад наш Ісус Хрыстос. Таму той крыж, якому мы сёньня пакланяемся ў царкве, стаецца тым самым Крыжам, Якому пакланіліся хрысьціяне 17 стагоддзяў таму ў Ерузаліме. Па словах ап. Паўла (пар. 1Кар. 1, 18.22) юдэі патрабуюць цудаў, а грэкі шукаюць мудрасьці, таму для іх слова пра крыж – вар’яцтва. Сучаснага чалавека, разбэшчанага тэхнічным прагрэсам, цяжка зьдзівіць, не схільны ён і да пошукаў праўды, бо атручаны ідэяй рэлятывізму (адноснасьці). Дык чым для беларусаў зьяўляецца слова пра Крыж? Як гэта не дзіўна, але часьцей для нас, шукаючых задавальненьняў і выгады, адносіны да Крыжа …абыякавыя. Дзіўна, таму што як раз для нашага жыцьця ён мае выключнае значэньне. Бо праз гэтую прыладу сьмерці мы атрымалі як дар сапраўднае Шчасьце вечнага Жыцьця. Каб прыняць яго, мы павінны далучыцца да Крыжа Гасподняга – узяўшы свой крыж, пайсьці за Хрыстом (пар. Мк 8, 34). Само слова “крыж” мае значэньне ў нашай мове як “адмова, адмена, забарона” (напрыклад: “паставіць крыж на чым-небудзь”). Ісус Хрыстос кліча кожнага з нас адмовіцца ад граху, забараніць зло ў адносінах, адмяніць бяздумнае існаваньне – адным словам, памерці для закону “гэтага сьвету”, каб жыць з Богам (пар. Гал. 2, 19). У стараславянскай мове ёсць яшчэ больш дарэчнае слова – “упразднить”. І “упразднение” старога чалавека ў нас не ёсьць стратай і няшчасьцем, а радасьцю і “сьвятам” нараджэньня новага стварэньня – Хрыста, Які жыве ў нас. Каб уваскрэснуць з Хрыстом, трэба з Ім памерці. Усходняя Царква асабліва падкрэсьлівае гэты аспект, сьпяваючы сёньня на Літургіі: “Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, і сьвятое Ўваскрасенне Тваё славім”. Мы не забываем пра тое, якім дарагім коштам выкупленыя, але глядзім на Крыж як прадвесьнік (нават Сымбаль!) Уваскрасеньня. Бо “праз Крыж прыйшла радасьць усяму сьвету…бо Ён, пацярпеўшы ўкрыжаваньне, сьмерцю смерць зваяваў” (сьціхіра з Ютрані), каб мы атрымалі жыцьцё праз Хрыста, жыцьцё ў поўні, Жыцьцё Вечнае. Амінь. Аўтар - а. Васіль Ягораў |
|
14.09.2008
|






Сёньняшняе чытаньне:
