Пошук

Каляндар

 

Абрана кіраўніцтва новай Канферэнцыі Біскупаў Цэнтральнай Азіі  


Абрана кіраўніцтва новай Канферэнцыі Біскупаў Цэнтральнай АзііНовазаснаваная Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Цэнтральнай Азіі абрала сваё кіраўніцтва. Першым старшынёй стаў біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера, пастыр дыяцэзіі Найсвяцейшай Тройцы ў Алматы.

 

На першай пяцідзённай пленарнай асамблеі, якая завяршылася 30 красавіка 2022 года ў сталіцы Казахстана Нурсултане, таксама былі абраны віцэ-старшыня – біскуп Ежы Мацулевіч, апостальскі адміністратар Узбекістана, і генеральны сакратар – біскуп Яўген Зінькоўскі, дапаможны біскуп Карагандзінскай дыяцэзіі.

 

Чальцамі гэтага афіцыйна створанага ў верасні 2021 года рэгіянальнага біскупскага аб’яднання з'яўляюцца дыяцэзіяльныя ардынарыі, апостальскія адміністратары і настаяцелі місій sui iuris з Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

 

Каталіцкі Касцёл у краінах, якія прадстаўляе новая структура, арганізаваны па-рознаму. У Казахстане, самай вялікай краіне рэгіёна, існуе касцёльная правінцыя (мітраполія), якая складаецца з архідыяцэзіі Маці Божай у Нурсултане, дыяцэзіі Найсвяцейшай Тройцы ў Алматы, Карагандзінскай дыяцэзіі, апостальскай адміністратуры ў Атыраў, а таксама апостальскай адміністратуры Казахстана і Сярэдняй Азіі для грэка-католікаў. У 2003 годзе была створана Канферэнцыя Біскупаў Казахстана, кіруе якой з 2015 года біскуп Мумбіела Сьера.

 

У Кыргызстане і Узбекістане дзейнічаюць апостальскія адміністратуры, а ў Таджыкістане і Туркменістане – місіі sui iuris. Гэтыя касцёльныя адзінкі ўзначальваюць: амерыканскі езуіт Энтані Джэймс Каркаран – у Кыргызстане, аргентынскі святар Пэдра Раміра Лопэс – у Таджыкістане, біскуп Ежы Мацулевіч з Украіны – ва Узбекістане, польскі аблат Анджэй Мадэй – у Туркменістане.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


30.04.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier