Пошук

Каляндар

 

У Беларусі і ў шэрагу краін Еўропы пройдуць набажэнствы з нагоды 500-годдзя з часу выдання скарынаўскага малітоўніка  


У Беларусі і ў шэрагу краін Еўропы пройдуць набажэнствы з нагоды 500-годдзя з часу выдання скарынаўскага малітоўнікаУ 2022 годзе спаўняецца 500 гадоў з часу выдання Францішкам Скарынам «Малой падарожнай кніжыцы». Надрукаваная ў 1522 годзе ў Вільні, яна стала, па сутнасці, першым малітоўнікам для вернікаў, выдадзеным на беларускай мове.


З нагоды юбілею выдання, у Літве 2022 год абвешчаны Годам Францішка Скарыны.


Каб ушанаваць гэтую важную гістарычную падзею ў духоўна-рэлігійным жыцці, якой з’яўляецца 500-годдзе выданне першага беларускага малітоўніка, 20 студзеня ў Мінску, Полацку, Вільні, Варшаве, Падуі і Празе адбудуцца ўрачыстыя цэлебрацыі святой Імшы.


Плануецца, што ў кожнай краіне Літургію ўзначаляць высокія касцёльныя іерархі: у Празе — кардынал Дамінік Дука, у Варшаве — біскуп Міхал Яноха, дапаможны біскуп Варшаўскай архідыяцэзіі, у Вільні — біскуп Арунас Паняшкайціс, дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі.


Каталіцкі Касцёл на Беларусі таксама адзначыць 500-годдзе выдання «Малой падарожнай кніжыцы» Францішка Скарыны.


  • У Мінску ўрачыстую цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліць арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.
    Імша адбудзецца ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл). Плануецца ўдзел у ёй прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу.
    Пачатак у 19.00.
  • У Полацку цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліць Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.   
    Эўхарыстыя адбудзецца ў у касцёле святога Андрэя Баболі.
    Пачатак у 18.30.
Паводле Catholic.by

12.01.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier