Пошук

Каляндар

 

Адышоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель  


Адышоў у вечнасць ксёндз Міхал СапельКурыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі са смуткам паведамляе, што раніцай 10 снежня на 55-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель, першы пробашч адроджанай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, які ў апошні час нёс служэнне вікарыя ў згаданай парафіяльнай супольнасці.


У розны час святар быў душпастырам у парафіях Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве, Нараджэння Маці Божай у Заслаўі, дырэктарам ДКТ Caritas Мінск і Беларусь, узначальваў камісію па перакладзе літургічных тэкстаў.

 

Праграма развітання і пахавання а. Міхала Сапеля:

 

13 снежня, панядзелак

9.00 — выстаўленне труны з целам памерлага святара ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску

11.00 — святая Імша ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску

Пасля Імшы — развітанне з памерлым і перавоз цела ў Браслаў

18.00 — святая Імша ў касцёле Нараджэння Маці Божай у Браславе

Пасля Імшы — чуванне пры труне на працягу ночы

14 снежня, аўторак

11.00 — пахавальная святая Імша ў касцёле Нараджэння Маці Божай у Браславе

Пасля Імшы — пахаванне

 

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

 

+++


Ксёндз Міхал Сапель нарадзіўся 17 лістапада 1967 года ў Браславе, сярод азёраў, дзе спрадвеку жылі людзі, чыя характэрная рыса — здаровыя жыццёвыя прынцыпы, любоў да свабоды і пачуццё ўласнай чалавечай годнасці, спалучанае з павагай да іншых людзей і іх меркаванняў.


У сям’і Сапеляў панавала спакойная радасць жыцця, без надрыву, без лозунгаў і гучных словаў, а любоў да працы была ўзвышана амаль да культу. Менавіта ў такой атмасферы рабілі свае першыя жыццёвыя крокі сыны Канстанціна і Леакадзіі: браты Аляксандр і Міхал.

 

Як многія нашыя сем’і, сям’я Сапеляў была «змешанай»: бацька — праваслаўны, маці — каталічка. З маленства матуля клапацілася пра рэлігійнае выхаванне сыноў, якія сапраўды раслі веруючымі людзьмі пад лагоднымі позіркамі мамы Лёні і Марыі, Валадаркі Азёраў…

 

Скончыўшы сярэднюю школу ў 1984 годзе, Міхал адчуваў пакліканне да святарства, аднак вырашыў спачатку паступіць у медыцынскае вучылішча ў латвійскім Даўгаўпілсе. Прапіска ў суседняй рэспубліцы дала яму магчымасць праз год паступіць у духоўную семінарыю ў Рызе, якую ён паспяхова скончыў у 1990 годзе.

 

27 мая 1990 года Міхал Сапель разам з усімі сваімі аднакурснікамі прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

 

Тады яму было толькі 22 гады, і для гэтага спатрэбіўся спецыяльны папскі дазвол, які быў атрыманы, паколькі душпастырскія патрэбы ў той час былі вельмі вялікія.

 

Малады святар быў скіраваны ў Мінск і прызначаны вікарыем касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а пазней ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казіміра Свёнтка атрымаў заданне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Мінску жадаў маліцца па-беларуску.

 

Руплівасцю ксяндза Міхала і яго супрацоўнікаў па літургічнай камісіі распачалася і паспяхова развівалася метадычная праца па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам якой стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі».

 

На плечы маладога святара Міхала Сапеля легла яшчэ адна адказная місія: у мясцовым Касцёле яму было даручана наладзіць дабрачынную дзейнасць.

 

І з гэтым заданнем ён паспяхова справіўся: у 1991 годзе ў Мінску з’явілася свая арганізацыя Caritas.

 

Ужо праз некалькі гадоў беларускі Caritas ад банальнага прымання гуманітарнай дапамогі і яе размеркавання пачаў рэалізоўваць сапраўды сур’ёзныя праекты, найбуйнейшы з якіх — дзіцячы цэнтр у Ляскоўцы.

 

Акрамя парафіі на Залатой Горцы, ксёндз Міхал Сапель да 1996 года быў таксама пробашчам парафіі ў Ракаве і пэўны час з душпастырскай неабходнасці служыў вернікам у Заслаўі.

 

Дзякуючы грамадска-палітычным пераменам на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі мінскіх святынь — касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

 

Вакол першага ў пасляваенны час душпастыра, маладога руплівага святара Міхала Сапеля, браслаўчаніна, выпускніка Рыжскай духоўнай семінарыі, хутка сабралася сталічная каталіцкая моладзь, якая жадала маліцца на роднай мове і мела тут такую магчымасць, яшчэ рэдкую ў тыя часы.

 

Сярод першых залатагорскіх міністрантаў быў таксама сённяшні дырэктар парталу Catholic.by кс. Аляксандр Улас, які ў 1992 годзе распачаў шлях духоўнай фармацыі ў Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных (францішканаў).

 

Той час нярэдка называюць «вясною Касцёла» на Беларусі: так спора ўзыходзілі тады парасткі паклікання ў сэрцах моладзі. Парафія на Залатой Горцы стала месцам, дзе гэтых веснавых усходаў было асабліва шмат. З гэтай сталічнай каталіцкай супольнасцю звязана нараджэнне, развіццё і рэалізацыя пакліканняў да служэння Богу ў святарстве кс. Анатоля Парахневіча, сённяшняга пробашча ў Альковічах, кс. каноніка Аляксандра Чайкоўскага, пробашча ў Наваполацку, кс. Канстанціна Каракі, пробашча ў Глуску, кс. каноніка Юрыя Быкава, пробашча ў Радашковічах, кс. каноніка Пятра Шарко, пробашча ў Нясвіжы, кс. Алега Жураўскага, пробашча ў Наваельні, кс. Міколы Гракава, вікарыя Залатагорскай парафіі, а таксама біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

 

 

Паводле Catholic.by


10.12.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier