Свята парафіі святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ды малітва за хрысціянскую еднасць.
У нядзелю 28 лістапада 2021 г. берасцейская грэка-каталіцкая парафія свв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя святкавала парафіяльнае свята. Урачыстую Боскую Літургію ўзначаліў протапразбітар Заходняга протапразбітарата (дэканата) БГКЦ а. Андрэй Крот, які нясе душпастырскае служэнне ў Гародні. Саслужыў яму душпастыр мясцовай парафіі а. Ігар Кандрацеў.
На святочнай Еўхарыстыі сабраліся больш за 60 вернікаў ды гасцей парафіі.

У сваёй казані а. Андрэй Крот узгадаў вучэнне старажытнага філосафа Арыстоцеля, паводле якога кожная рэч складаецца з матэрыі і формы. Святар параўнаў Царкву з формай, а матэрыяй,якую яна фармуе, з’яўляецца, паводле казальніка, хрысціянская любоў. Менавіта дзякуючы Царкве любоў набывае канкрэтныя формы пашаны да Бога ды дапамогі бліжняму.
Айцец Андрэй, які ў 90-х гадах мінулага стагоддзя вучыўся ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце, узгадаў пачаткі парафіі святых Пятра і Андрэя ды першае парафіяльнае свята, на якім сабраліся нешматлікія вернікі ды некалькі гасцей з іншых парафій БГКЦ. З таго часу вернікі берасцейскай парафіі працягваюць складаць шматлікія сведчанні любові.
Святар нагадаў таксама пра некаторых сведкаў хрысціянскай любові – айцоў Баляслава Пачопку ды Фабіяна Абрантовіча, партрэты якіх былі нядаўна створаны верніцай парафіі Ганнай Цімашук ды ў рамах выставы “Унія на Палесьсі. Грэка-каталіцкія місіянеры, прапаведнікі і вызнаўцы веры ХХ ст.” упрыгожваюць сцены капліцы свв. братоў апосталаў Пятра і Андрэя.
Варта дадаць, што ікона, якая прадстаўляе святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя была падаравана Усяленскім Патрыярхам Афінагорам св. Паўлу VI, Папе Рымскаму ў час іх сустрэчы ў Святой Зямлі ў 1965 годзе.
Святому Паўлу VІ належыць ідэя абвяшчэння апостала Андрэя апекуном братэрскага дыялогу паміж хрысціянамі заходняй і ўсходняй традыцый. Таму святары і вернікі БГКЦ, якія сабраліся на святкаванне ў Берасці, маліліся таксама, згодна з заклікам Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея (Гаека), і за праваслаўных братоў, што 28 лістапада пачалі Перадкалядны пост.
Андрэй Гоман, фота Ігара Бараноўскага