Пошук

Каляндар

 

Першы кантэмпляцыйны кляштар з’явіўся ў Таджыкістане  


Першы кантэмпляцыйны кляштар з’явіўся ў ТаджыкістанеУ Таджыкістане — сярэднеазіяцкай краіне, якая раней уваходзіла ў склад Савецкага Саюзу, — быў адкрыты першы кантэмляцыйны (сузіральны) каталіцкі кляштар.


Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, кляштар знаходзіцца ў таджыцкай сталіцы Душанбэ, побач з адным з двух каталіцкіх касцёлаў у гэтай краіне з пераважна мусульманскім насельніцтвам. Уся каталіцкая супольнасць Таджыкістана, параўнальнага па колькасці жыхароў з Беларуссю, налічвае ўсяго каля 120 вернікаў.

 

Кляштар належыць супольнасці сясцёр Кангрэгацыі Уцелаўлёнага Слова і прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ, які пасля падзення злачыннага савецкага рэжыму заснаваў у Азіі каталіцкую місію.

Двое святароў, якія працуюць у Таджыкістане, з’яўляюцца прадстаўнікамі мужчынскай галіны гэтай манаскай сям’і. Супольнасць кляштара складаюць чатыры сястры з Узбекістана, Парагвая і Аргентыны, якія будуць маліцца аб плёне апостальскай місіі на гэтай зямлі. У Таджыкістане дзейнічае яшчэ адна каталіцкая законніцкая супольнасць: Місіянеркі любові.

 

Паколькі кангрэгацыя была заснавана ў Арргентыне, асаблівае месца ў кляштары займае фігура Маці Божай Луханскай, Апякункі Аргентыны. Яе ўнеслі ў працэсіі, якая прайшла некалькі дзясяткаў метраў па вуліцы вакол кляштара, што стала надзвычайнай падзеяй, паколькі ў гэтай мусульманскай краіне няма звычаю праводзіць набажэнствы па-за касцёлам, хоць фармальна гэта і не забаронена. Кляштар пасвяціў Апостальскі адміністратар ва Узбекістане біскуп Ежы Мацулевіч OFMConv.

 

Паводле: Vatican News / Catholic.by


30.07.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier