Пошук

Каляндар

 
панядзелак
КАСТРЫЧНІКА

Арцыбіскуп Кандрусевіч пры крыніцы святога Якуба: Беларус беларусу — брат і сястра  


Арцыбіскуп Кандрусевіч пры крыніцы святога Якуба: Беларус беларусу — брат і сястраУ нядзелю 25 ліпеня ў дайлідскай парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі (Астравецкі дэканат) пры крыніцы святога Якуба, што на ўскрайку вёскі Тракелі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з нагоды адпустовай урачыстасці.


Крыніца святога Якуба — адзіная з такой назвай у Беларусі — з’яўляецца пачаткам шляху пілігрымкі з нашай краіны ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, да рэліквій святога апостала Якуба. Вада з крыніцы з даўніх часоў лічыцца гаючай.

 

У часы ваяўнічага атэізму гэтае незвычайнае месца культу спрабавалі знішчыць, аднак жыватворчая вада Божай Праўды прабілася праз нагрувашчаныя завалы хлусні і насілля.

Намаганнямі мясцовых вернікаў на чале з іх шматгадовым душпастырам ксяндзом Алегам Шпенем удалося расчысціць і аднавіць крыніцу каля вёскі Тракелі. Адшукаць адпаведныя дакументы пра «водную святыню» дапамог біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

 

З таго часу пры крыніцы ў свята святога апостала Якуба адбываюцца адпустовыя ўрачыстасці. У 2014 годзе крыніцу наведаў біскуп Юзаф Станеўскі. У 2017 годзе адпустовую ўрачыстасць тут узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а ў 2019 годзе — біскуп Юрый Касабуцкі.

 

Сёлета пры крыніцы ўпершыню маліўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў прамоўленым Божым слове адзначыў асаблівасць гэтага незвычайнага месца культу.

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч пры крыніцы святога Якуба: Беларус беларусу — брат і сястраАрцыбіскуп Кандрусевіч пры крыніцы святога Якуба: Беларус беларусу — брат і сястра«З даўніх часоў у Еўропе існуе традыцыя пілігрымак шляхамі ў Сант’яга-де-Кампастэла, да рэліквій святога Якуба. Але кожны шлях мае свой пачатак. Такім пачаткам для пілігрымаў з нашай зямлі з’яўляецца менавіта гэтая гістарычная крыніца.

 

Знішчаная ў часы ваяўнічага атэізму, а цяпер адноўленая, яна як магніт прыцягвае да сябе вернікаў. З года ў год адпуст святога Якуба, які адзначаецца ў гэтым месцы, становіцца ўсё больш папулярным»,— заўважыў арцыпастыр.

 

Ён дадаў, што тракельская крыніца ў народзе называецца «воднай святыняй», бо з даўніх часоў яе вада лічыцца гаючай.

 

«Усе мы духоўна хворыя і патрабуем леку. Таму даручым сябе, нашыя сем’і і грамадства апецы святога апостала Якуба, каб Бог аздаравіў нас ад маральных хваробаў, якія з’яўляюцца прычынай усіх крызісаў, і адарыў здароў’ем душы і цела», — заклікаў заслужаны іерарх.

 

Каментуючы прачытаны ўрывак з Евангелля, у якім браты Якуб і Ян выказалі гатоўнасць ісці за Хрыстом, арцыбіскуп Кандрусевіч сцвердзіў, што для чалавека, які верыць, няма нічога немагчымага.

 

«Таксама і мы, умацаваныя Божай ласкай, павінны паўтараць разам з апосталамі Якубам і Янам: „Можам!“ — можам быць іншымі: Божымі»,— падкрэсліў арцыпастыр, зазначыўшы, што для гэтага неабходна развіваць цноту пакоры.

 

«Нас павінна натхняць тое, што мы бачым у жыцці і дзейнасці святога Якуба і іншых апосталаў, мучанікаў і святых. Мы павінны ісці іх слядамі і быць падобнымі да іх. Пры гэтым неабходна памятаць аб цноце пакоры, каб не трапіць у пастку ганарыстасці і фанабэрыі, што вядзе да духоўнага знішчэння. Прага ўзвелічэння і славы прывялі многіх да граху і падзення ў цемру. Першым упаў збунтаваны і ап’янелы перспектывай неабмежаванай улады анёл, які стаў д’яблам.

 

Яго шляхам пайшлі многія і працягваюць ісці. Прыклад святога апостала Якуба заахвочвае нас пераадольваць свае часта грахоўныя жаданні шукаць часовай славы. Замест гэтага мы павінны шукаць сапраўднага скарбу, якім з’яўляецца Хрыстус і Ягоная любоў», — заахвоціў удзельнікаў урачыстасці арцыбіскуп, запрасіўшы іх быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце, поўным зла і несправядлівасці.

 

«Крыніца — гэта месца, адкуль бруіць вада, а як вядома, дзе ёсць вада, там і жыццё.

 

Няхай жа гэтая крыніца стане сімвалам духоўнай моцы нашага народа, каб мы, умацаваныя верай, надзеяй і любоўю, сталі Якубамі ХХІ стагоддзя, якія мужна сведчаць аб сваёй веры, абвяшчаюць заўсёды жывое і актуальнае Божае слова і служаць бліжнім.

 

Пілігрымкі ў Сант’яга-дэ-Кампастэла аб’ядналі розныя народы Еўропы ў пошуку духоўных каштоўнасцяў. Яны сталі першым, духоўным „еўрасаюзам“, пабудаваным на евангельскіх каштоўнасцях, дзе людзі розных нацыянальнасцяў і культур бачылі сябе адным хрысціянскім народам.

 

Наша краіна патрабуе адзінства. Мы ўсе розныя: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, юдэі, мусульмане, веруючыя і няверуючыя, людзі розных нацыянальнасцяў і поглядаў. Аднак, як казаў святы Ян Павел ІІ, нягледзячы на гэта, мы павінны імкнуцца да адзінства ў разнастайнасці і працаваць на карысць нашай агульнай Бацькаўшчыны, бо толькі ў адзінстве наша сіла і слава», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Сваю гамілію пры крыніцы святога Якуба арцыпастыр традыцыйна завяршыў кароткай малітвай за беларускі народ:

«Святы Якубе, наш нябесны апякуне, выпрасі ў Бога ласку адраджэння пілігрымак да тваёй крыніцы.

Няхай яна стане беларускім Сант’яга-дэ-Кампастэла дзеля праслаўлення Бога і аб’яднання нашага грамадства ў адзінае цэлае, каб пра Беларусь можна было сказаць словамі Святога Пісання: „Як добра і прыемна, калі браты жывуць разам“. А беларус беларусу — брат і сястра. Амэн».

 

Паводле Catholic.by


26.07.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier