Пошук

Каляндар

 

75 гадоў малітоўніку “Божым шляхам”  


75 гадоў малітоўніку “Божым шляхам”Сёлета споўнілася 75 гадоў малітоўніку (ці малíтаўніку, як на вокладцы падпісана) “Божым шляхам”, які а. Леў Гарошка выдаў у 1946 г. Ягоны зьмест добра адлюстраваў і той час, і самога аўтара, які быў добрым багасловам і быў знаёмы зь беларускай і ўкраінскай уніяцкімі традыцыямі.

Ён адкрываўся штодзённымі малітвамі па-царкоўнаславянску і па-беларуску, а рэшта кнігі - толькі па-беларуску: прынагодныя малітвы, караценькі катэхізм, царкоўны сьпеўнік і нават каляндар з пасхаліяй. Разьдзел прынагодных малітваў - нібы рэха паваенных гадоў: тут і малітва за загінулых у вайне, і малітва сіраты, і малітва ў няшчасьці, але таксама й малітва за беларускі народ, а таксама малітвы дзеля больш празаічных патрэбаў: перад ежай, пасьля ежы, перад сном і г.д.

Верагодна, што гэта быў першы грэка-каталіцкі малітоўнік на сучаснай беларускай мове. Немагчымае на Бацькаўшчыне нашы суайчыньнікі рабілі на чужыне. Значэньне малітоўніка далёка пераўзыйшло і ягоны малюсенькі фармат (ён лёгка зьмяшчаўся на далоні), і свой час. Ён быў першым падручнікам веры на роднай мове для многіх нашых суродзічаў. Ён даў назву бадай найлепшаму рэлігійнаму часопісу беларускай паваеннай дыяспары, які а. Гарошка пачаў выдаваць у 1947 г.

Адсканаваны малітоўнік “Божым шляхам” ёсьць на Беларускай Палічцы: https://knihi.com/Leu_Haroska/Bozym_slacham_Malitaunik_dla_bielarusau.html

 

Паводле тэлеграм каналу "Беларускія грэка-католікі"


21.06.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier