Пошук

Каляндар

 

У Янаве Палескім адзначылі ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі — апекуна Пінскай дыяцэзіі  


У Янаве Палескім адзначылі ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі — апекуна Пінскай дыяцэзіі15 мая, у вігілію ўрачыстасці святога Андрэя Баболі, галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі, вернікі са шматлікіх куткоў Палесся сабраліся ў санктуарыі ў Янаве Палескім (суч. «Іванава») на традыцыйны фэст.


Святкаванне распачалося з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой сабраныя маліліся адмысловую літанію, просячы заступніцтва святога Андрэя Баболі. Таксама была прачытана літанія да святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, якому прысвечаны бягучы год у паўсюдным Касцёле.  

 

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з іерархам літургію канцэлебравалі святары Пінскай дыяцэзіі, а таксама святары ўсходняга абраду на чале з айцом архімандрытам Сяргеем Гаекам.

 

На пачатку святой Імшы біскуп Антоні засяродзіўся на постаці святога Андрэя Баболі, які нёс святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся і за сваё апостальскае служэнне на Піншчыне быў жорстка забіты казакамі.

 

Парафіяльная ўрачыстасць стала таксама нагодай, каб павіншаваць з юбілеем святарства ксяндза Паўла Кручэка, кусташа санктуарыя і пробашча парафіі ў Янаве. Іерарх падзякаваў святару за 25 гадоў руплівага і плённага служэння, большую частку якога ён прысвяціў Касцёлу ў Беларусі.


Гамілію прамовіў ксёндз Андрэй Рылка. Канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі звярнуў вагу сабраных на пачатак культу святога Андрэя Баболі, звязанага з цудам праз яго заступніцтва і ўратаванне палескага краю ад эпідэміі чумы напачатку ХІІІ стагоддзя. Як адзначыў святар, у ХХІ стагоддзі прыклад руплівасці святога Баболі ў справе евангелізацыі і катэхізацыі не губляе сваёй актуальнасці.

 

Пасля заканчэння літургіі адбылося ўшанаванне рэліквій святога мучаніка, часцінка якіх захоўваецца ў янаўскім санктуарыі.

 

У Янаве Палескім адзначылі ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі — апекуна Пінскай дыяцэзііУ Янаве Палескім адзначылі ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі — апекуна Пінскай дыяцэзііУ Янаве Палескім адзначылі ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі — апекуна Пінскай дыяцэзііУ Янаве Палескім адзначылі ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі — апекуна Пінскай дыяцэзіі

 

Фота: Віталій Царык / Catholic.by


18.05.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier