Пошук

Каляндар

 
панядзелак
КАСТРЫЧНІКА

Кардынал Кох: юбілей Нікейскага Сабору можа стаць штуршком да ўстанаўлення агульнай даты Вялікадня  


Кардынал Кох: юбілей Нікейскага Сабору можа стаць штуршком да ўстанаўлення агульнай даты ВялікадняКардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, указаў на важнасць агульнай даты святкавання Вялікадня на хрысціянскім Усходзе і Захадзе.


Як нагадаў іерарх, розніца звязана з тым, што Цэрквы на Захадзе, пачынаючы з XVI ст., вылічваюць дату Вялікадня паводле грыгарыянскага календара, таму ўрачыстасць заўсёды адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца. На Усходзе ж многія Цэрквы і сёння прытрымліваюцца юліянскага календара.

 

Старшыня ватыканскага ведамства нагадаў, што падчас Нікейскага Сабору ў 325 г. было абвешчана, што ўсе хрысціяне павінны святкаваць Вялікдзень у нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца і пасля юдэйскай Пасхі. Словы іерарха прыводзіць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News са спасылакай на італьянскае выданне L'Osservatore Romano.

 

«У 2025 годзе хрысціянства будзе адзначаць 1700-годдзе Нікейскага Сабору, і ў той год Цэрквы Усходу і Захаду змогуць ізноў адзначыць Вялікдзень у адзін дзень — 20 красавіка»,— заўважыў кардынал Курт Кох, дадаўшы, што вялікі юбілей можа стаць нагодай «працягнуць нашыя намаганні ў дасягненні агульнай даты хрысціянскага Вялікадня ў будучыні».

 

Пра гэта неаднаразова казалі Папа Францішак і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ. Канкрэтную прапанову — праваслаўную рэформу календара — нядаўна ўнёс грэчаскі праваслаўны арцыбіскуп Тэлмескі Ёў Геча, кіраўнік Пастаяннага экуменічнага прадстаўніцтва Канстанцінопальскага Патрыярхату пры Сусветнай радзе Цэркваў у Жэневе.

 

У нядаўнім інтэрв'ю L'Osservatore Romano на гэтую тэму выказаўся таксама грэчаскі праваслаўны Патрыярх Ерузалемскі Тэафіл ІІІ. Іерарх лічыць, што намаганні ў пошуку агульнай даты Вялікадня з’яўляюцца не проста важным пастырскім прыярытэтам.

 

Тэафіл ІІІ глыбока перакананы, што хрысціянская вера стаіць або падае разам з Вялікаднем.

 

Патрыярх Ерузалемскі, пазітыўна ставячыся да прапановы ўстанавіць агульную дату Вялікадня, указаў на значэнне экуменічнага шляху, скіраванага на аднаўленне адзінства ў хрысціянскай Царкве на Усходзе і Захадзе ў веры і міласэрнасці.

 

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству павіншаваў хрысціянаў, якія святкуюць Вялікдзень па юліянскім календары, і пажадаў глыбокага перажывання пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста: «Няхай святло Святога Агню нясе свету цудоўнае пасланне пра тое, што — асабліва ў часы пандэміі — апошняе слова не належыць смерці: Бог пакідае за сабой апошняе слова, якім з’яўляецца жыццё. Хрістос Анэсці, Алілуя!», — сказаў кардынал Кох.

 

Паводле: Catholic.by / Vatican News


6.05.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier