Рэдакцыя медыяпраекту «Каталіцкі Веснік» адзначае 10-годдзе
Першы нумар друкаванага выдання, адзінага ў Віцебскай дыяцэзіі, выйшаў у красавіку 2011 года з блаславення Біскупа Уладзіслава Бліна.
3 снежня 2012 года распачаў працу сайт газеты Catholicnews.by.
«Адзіная мэта, дзеля якой існуе медыяпраект „Каталіцкі веснік“, — гэта абвяшчэнне Евангелля беларусам і не толькі. Мы вельмі горача жадаем, каб Добрая вестка пра збаўленне чалавека ўвайшла ў кожны дом!» — адзначаецца на сайце выдання.
Цікавыя факты пра газету «Каталіцкі веснік»:
- Першы нумар выдання знаходзіцца ў Ватыкане. Галоўны рэдактар ксёндз Віктар Місевіч — ініцыятар і занавальнік газеты — асабіста перадаў яго для Папы Бэнэдыкта XVI падчас сустрэчы ў Мінску з арцыбіскупам Клаўдыё Марыя Чэллі, старшынёй Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Гэта адбылося 13 мая 2011 года.
- Самы тыражны нумар газеты быў падпісаны ў друк 25 верасня 2020 года. Колькасць экзэмпляраў склала рэкрдныя 13 300.
- «Каталіцкі веснік» — гэта адзінае каталіцкае выданне, якое можна выпісаць праз РУП «Белпошта» і не шукаць у касцёлах, а атрымліваць дома ў паштовую скрыню.
- За 10 гадоў працы колькасць супрацоўнікаў рэдакцыі вырасла: над першым нумарам працавалі шэсць чалавек, а сёння выпуск кожнага нумара — гэта вынік працы адзінаццаці асоб.
- Самыя далёкія пункты, адкуль рабіліся рэпартажы, — гэта Партугалія, Італія, Украіна, Польшча, Латвія і Эстонія.
- Калектыў рэдакцыі «Каталіцкага весніка» ўзнагароджаны Дыпломам за 1-е месца ў аглядзе-конкурсе па ўжыванні беларускай мовы ў рэгіянальным друку ў 2014 і 2019 гадах. Узнагарода прысуджана Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У 2019 годзе сайт «Каталіцкага Весніка» заняў першае месца па наведвальнасці сярод беларускамоўных сайтаў Віцебшчыны.
- У рэдакцыю за 10 гадоў працы даслана 804 інтэнцыі ў газетную сакрыстыю. Выданне падтрымліваюць каля 300 ахвярадаўцаў.
Чытайце «Каталіцкі веснік», а таксама падтрымлівайце высакародную справу па абвяшчэнні Добрай навіны сваімі малітвамі і ахвяраваннямі!
Паводле https://catholicnews.by/
|